цемнаску́ры, ‑ая, ‑ае.
Які мае цёмны колер скуры. Цемнаскурыя плямёны Афрыкі.
цемната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.
1. Адсутнасць святла, асвятлення; цемра. Пад сховай цемнаты Нам даставілі пасылкі, Тэлеграмы і лісты. Глебка. За цемнатою цяжка было разглядзець, колькі зараз часу. Гартны. // Пра цёмнае, неасветленае месца, прастору. За колькі крокаў ад Лабановіча, вынырнуўшы з цемнаты, без шуму, як цень, выступіла жаночая постаць. Колас.
2. перан. Культурная адсталасць; невуцтва. Наша маладосць Не ведае ніякай цемнаты, Бо ёй Кастрычнік асвятліў шляхі, Высока ўзняўшы палымяны сцяг. Смагаровіч. І спектаклі — от яны куранёўскія спектаклі! Толькі ж і тут — рэлігія цемнатою людской пакарысталася! Мележ. Нашы дзед і бабуля так і памерлі ў цемнаце, а я атрымаў асвету і працую за станком. Гарбук. // Разм. Пра недасведчанага або малаадукаванага чалавека. — Няўжо вы дагэтуль нічога не ведаеце?.. От жа цемната, ну што ты скажаш! — незласліва засмяяўся чалавек. Васілёнак.
цемнатва́ры, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае смуглявы, цёмны твар.
2. Які мае колер твару, уласцівы негроіднай расе.
це́мнік, ‑а, м.
Гіст. Татарскі военачальнік, які камандаваў дзесяцітысячным войскам.
це́мра, ‑ы, ж.
1. Адсутнасць святла, густы змрок; цемната. Вечар поле цемраю ахутае, Цьмяны месяц прыплыве здалёк. Загарыцца на маўклівым хутары Ледзь прыкметнай зоркай аганёк. Панчанка. Людзей ужо не было відаць у начной цемры. Паслядовіч.
2. перан. Культурная адсталасць; невуцтва. Царызм, баючыся ўздыму нацыянальнай самасвядомасці народаў, пазбаўленых дзяржаўнасці і палітычнай самастойнасць, бачыў сваю задачу не ў развіцці навукі і культуры на ўскраінах імперыі, а ў насаджэнні адсталасці і цемры сярод нацыянальных меншасцей. Суднік. Вы [камуністы] развеялі ўсю цемру, Што сляпіла вочы нам. Журба.
3. перан. Увасабленне зла, пакут, цемрашальства. Над логавам нямецкага фашызму быў узняты чырвоны сцяг перамогі святла над цемрай. Брыль. Чаму заўсёды ходзяць разам, Заўсёды разам — боль і радасць? Таму, што ёсць святло і цемра, Таму, што ёсць жыццё і смерць? Мацяш.
це́мрадзь, ‑і, ж.
Разм. Тое, што і цемра. Па дварэ была такая цемрадзь, хоць вока выкалі. Сабаленка.
це́мраны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да цемры. На Палессе хутка пасоўваўся зацяты ў сваёй маўклівасці вечар, прыводзячы безліч сваіх непадкупных вартавых і засцілаючы цемранаю пасцілкаю лес. Колас.
це́мрань, ‑і, ж.
Разм. Тое, што і цемра (у 1 знач.). Бразнула пад Астапавай рукой клямка каліткі, спрытна намацаная ім у цемрані ночы. Лынькоў.