ца́рственны, ‑ая, ‑ае.
1. Уст. Які належыць цару. Царственная ўлада.
2. перан. Кніжн. Велічны, вялікасны. Царственны жэст. Царственны выгляд.
цары́зм, ‑у, м.
Дзяржаўны лад, пры якім вярхоўная неабмежаваная ўлада належыць цару; царскі рэжым. Частка думскіх дэпутатаў.. прапанавала звярнуцца з думскай трыбуны да ўсіх сялян з заклікам аказаць дапамогу думе ў барацьбе з царызмам. Колас. Таксама, як і ўкраінскі народ, стагнаў наш народ пад ярмом польскіх паноў і царызму. Купала.
цары́сцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да царызму. Царысцкая палітыка.
цары́ца, ‑ы, ж.
1. Жан. да цар.
2. Жонка цара.
3. перан.; чаго. Тая, што пануе, першынствуе дзе‑н., перавышаючы ўсіх якімі‑н. якасцямі. Усё жыццё сваё табе ахвярую; будзь ты ўладарніцай душы маёй, царыцай песень маіх! Бядуля. / у вобразным ужыв. Пакланюся я табе, царыца, Чыстая, сцюдзёная вадзіца. Багдановіч.
•••
Царыца палёў — пяхота. Былі ў гэтым яго настроі і адчай, і заліхвацкасць, і нецярплівасць бывалага франтавіка, якому яшчэ давядзецца паваяваць, і не дзе-небудзь, а ў царыцы палёў — пяхоце. Лупсякоў.