счарні́ць, счарню, счэрніш, счэрніць; зак.
1. што. Зрабіць чорным (агнём, фарбай і пад.). Узняўся аднойчы раптоўна ўраган, Счарніў увесь дуб перунамі. Ставер.
2. перан.; каго. Разм. Зняславіць, нагаварыць чаго‑н. на каго‑н. Не можа ён [Звадыяш] і дня пражыць, Каб не счарніць каторага. Броўка. [Сямён Парфёнавіч:] [Шыковіч] хоча абяліць таго, хто сам сябе счарніў. Шамякін.
3. каго. Разм. Збіць, адлупцаваць. Хлопца .. Макрыны Рудак [Стэцкі] счарніў бізуном за тое, што карова ўбегла ў яго канюшыну. Пестрак.
счарпну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да счэрпаць.
счарсцве́ласць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан счарсцвелага. Счарсцвеласць хлеба.
счарсцве́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які стаў чэрствым, страціў першапачатковую мяккасць. Жалезны стол, счарсцвелы хлеб і томік Гейнэ на стале. Вялюгін. Хлопцу, занятаму ядою, Счарсцвелы аржаны праснак, Што праганяў ён сырадоем, Напамінаў знаёмы смак Святога матчынага хлеба З салодкім смачным малаком. Аўрамчык. // перан. Які стаў бяздушным, нячулым. Старое, счарсцвелае за доўгія гады жыцця сэрца [Параскі] нібы памаладзела і соладка калацілася. Сабаленка.
2. Зацвярдзелы, агрубелы. Вясна... Пачарнелі сляды На счарсцвелым зімовым снягу. І цурочкі бурлівай вады На пратораны шлях павязуць. Хведаровіч. Між камення выбівалася на .. [вуліцы] ўлетку нямоглая трава, а за тратуарамі, на счарсцвелых грудках, яна бралася нават цэлымі лапікамі, кусцістымі і густымі. М. Стральцоў.
счарсцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Стаць чэрствым, страціць першапачатковую мяккасць. Хлеб счарсцвеў. // перан. Стаць бяздушным, нячулым. І як тут вытрымаць, каб не паехаць да сябра, каб не пераканацца, ці сапраўды ён счарсцвеў, агрубеў, ці не. Лойка.
2. Зацвярдзець, агрубець. Рукі сталі вялыя; счарсцвелі пальцы, патаўсцелі, пахлі глінай. Пташнікаў.
счарці́ць, счарчу, счэрціш, счэрціць; зак., што.
1. Скапіраваць (чарцёж, план і пад.). Счарціць схему.
2. Разм. Чэрцячы, зрасходаваць. Счарціў усю паперу.
счаса́ны 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад счасаць 1.
счаса́ны 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад счасаць 2.
счаса́цца 1, счэшацца; зак.
Зняцца пры часанні. Счасалася два кілаграмы пуху.
счаса́цца 2, счэшацца; зак.
Стаць счасаным (пра верхні слой дрэва і пад.). Кара няроўна счасалася. // Стаць стаптаным (пра абцасы і пад.). Верх [чаравікаў] патрэскаўся.., а падэшва была цэлая, абцасы толькі счасаліся. Пташнікаў.
счаса́ць 1, счашу, счэшаш, счэша; зак., што.
1. Зняць часаннем; вычасаць. Счасаць пух з труса.
2. Апрацаваць. ачысціць часаннем (лён, шэрсць і пад.). Счасаць воўну.
счаса́ць 2, счашу, счэшаш, счэша; зак., што.
1. Зняць часаннем верхні слой чаго‑н. ці шурпатасць. Счасаць кару з бервяна. // Апрацаваць што‑н. часаннем. Счасаць няроўнае месца дошкі.
2. Зрасходаваць пры часанні. Счасаць паляна на стружкі.
сча́ўраць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і счаўрэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Абл. Счахнуць, зачахнуць. — Не толькі снапок, а і нізкі калгасны паклон нашай навуцы, каб яна ніколі не адрывалася ад зямлі-маці, бо хто ад яе адарвецца, — змарнее, счаўрае, — па-філасофску зазначыў Васіль. Сабаленка.