ніко́лі, прысл.
Ні ў які іншы час; ні пры якіх умовах, акалічнасцях. Сцёпку ніколі не даводзілася быць на станцыі. Колас. Я ніколі яшчэ нікому не пісаў пісем. Якімовіч. [Алесь:] — Па-сапраўднаму шчаслівы той, хто ніколі не адчувае поўнага задавальнення. Шыцік.
ніко́лькі, прысл.
Ні ў якой меры; ані. Мы ўспамінаем [задумы Міколы], смяёмся, а Мікола ніколькі не крыўдзіцца. Навуменка. Маладых масквічак ніколькі не цікавілі нейкія «нудныя» праблемы арганічнай хіміі. Васілевіч.
ніку́ды, прысл.
Ні ў якое месца; ні ў якім напрамку. — Нікуды не адыходзь, Янік! — загадала [дзяўчынка] яму і заспяшалася хутчэй на круг. Лобан. Гляджу, а жанчыны, што ехалі са мною, ідуць наперадзе і нікуды не збочваюць. Кавалёў.
•••
Нікуды не варты гл. варты.
Нікуды не гадзіцца гл. гадзіцца 1.
нікуды́шны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Нікуды не варты; дрэнны. Нікудышны гаспадар. □ Надвор’е сапраўды было нікудышнае. Сіняўскі. Старая Дар’я пакінула маладому Ігнату ў спадчыну дзве дзесяціны нікудышнай зямлі ды хацінку ў два акенцы. Шашкоў.
нікчэ́мнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць нікчэмнага. Шырокі не пераставаў у значна павышаным тоне расказваць аб затхласці местачковага жыцця, аб нікчэмнасці інтарэсаў панямонскай інтэлігенцыі. Колас. // Крайняя нязначнасць каго‑, чаго‑н.; убоства. Апошнія калгасныя падзеі прымушалі.. [Чачыка] усё больш і больш задумвацца над сваёй нікчэмнасцю. Пташнікаў.
2. Нікчэмны чалавек. Чалавек, які сказаў некалькі пустых сказаў, мог.. [Макоўчыку] здацца нікчэмнасцю, надоўга страціць яго павагу. Мележ. — Калі б вы хоць гадзінку набылі з Тумашам, дык убачылі б, якая гэта нікчэмнасць. Новікаў.
нікчэ́мнік, ‑а, м.
Разм. Нікчэмны чалавек. І так ужо часам насміхаюцца з.. [Сузана], і ўжо неаднойчы пагардліва назвалі нікчэмнікам, здольным хіба аблізваць чужыя талеркі. Лынькоў.
нікчэ́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Неістотны, нязначны. [Сухадольскі:] Магчыма, што мы з вамі так бы і засталіся ворагамі на ўсё жыццё, каб не ўмяшалася ў справу трэцяя зацікаўленая асоба. Перад яе веліччу нашы асабістыя крыўды здаюцца дробнымі і нікчэмнымі. Крапіва. // Пазбаўлены змястоўнасці; пусты. Саша крыху супакоілася, і цяпер яе раздражняла гэтая, як ёй здавалася, нікчэмная размова аб непатрэбных і дробязных падзеях і рэчах. Шамякін. // Нікуды не варты; які выклікае пагарду. [Юзік] ішоў па вуліцы нейкі змізарнелы, без пугі, нікчэмны і прыгорблены. Хадановіч.
2. Нізкі ў маральных адносінах, нягодны. [Алесь] рабіўся.. для мяне нікчэмным чалавекам, паскудным, брыдкім; я не мог зносіць яго. Адамчык. Ад легкадумнай слепаты — Крок да нікчэмнага намеру. Лойка.
3. Вельмі дрэнны, няўдалы; малы. Нікчэмны ўраджай. □ Карабель вялікі, але ўжо стары і нікчэмны. Быкаў. Паша ў Маргах таксама была нікчэмная і ад засценка далёка. Чарнышэвіч. Жыта было нікчэмнае, малаціць яго — адна пакута. Мележ.