Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лядзя́к, ледзяка, м.

1. Невялікі кавалак лёду; ільдзінка. Калёсы тарахцелі па нераста[л]ых ледзяках. Гартны. Пагодзіцца. Са стрэх ледзякі дзінькаюць. Барадулін.

2. перан. Разм. Пра чалавека, які вельмі змёрз ці мае халодны тэмперамент.

лядзя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Абл. Дошка або скрынка з абледзянелым дном для катання зімой з горак. На санках, лядзянках — Грамадка дзяцей. Журба.

лядзя́ш, ледзяша, м.

Разм. Тое, што і лядзяк. Шына саней церла ледзяшы .. на дробны парашок. Баранавых. У вядры замярзае вада — там ляжыць круглы лядзяш. Навуменка.

лядні́к, ледніка, м.

Скопішча вялікай масы паўзучага лёду (у гарах ці палярных абласцях); глетчар.

ля́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ляда.

лядо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які адбываецца ў ільдах. Лядовае плаванне.

•••

Лядовае пабоішча гл. пабоішча.

лядо́к, ‑дку, м.

Разм. Памянш.-ласк. да лёд.

лядо́ўня, ‑і, ж.

Пограб з лёдам або снегам для захоўвання прадуктаў. Рыбу з кошыкамі паставілі ў лядоўню. Дубоўка.

ляды́ш, ледыша, м.

Абл. Лядзяк. Пад нагамі храбусцяць кволенькія ледышы. Пальчэўскі. Часам .. у поўдзень так прыгрэе, што лядыш, які ўсю зіму правісеў пад страхой, возьме ды і заплача. «ЛіМ».

ляжа́к, лежака, м.

1. Ніжняе апорнае ляжачае бервяно зруба.

2. Гарызантальная частка дымахода.