Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

агалі́цца, агалюся, аголішся, аголіцца; зак.

1. Зняўшы адзенне, стаць голым. // Скінуць покрыва, лісце, ігліцу. Кусты агаліліся і зрабіліся непрыгожымі — адны дубцы тырчаць. Якімовіч. // Адкрыцца вачам, пазбавіўшыся покрыва, верхняга слоя. Іншы раз за доўгі пагодлівы дзень так аголіцца і выгарыць на сонцы бераг, што, здаецца, і курыцы тут ужо не напасеш. Кулакоўскі. Вясне так рады малышы. І каля хат, дзе грэла сонца І агаліліся пяскі, Звіняць, як медзь, іх галаскі. Колас.

2. перан. Выявіць сваю сутнасць, свой сапраўдны змест; стаць відавочным.

3. Стаць даступным, адкрытым для праціўніка. Фронт агаліўся.

агалі́ць, агалю, аголіш, аголіць; зак., каго-што.

1. Зрабіць голым, зняўшы адзенне, покрыва і пад. Шэя адсунуў на патыліцу сваю чорную высокую, з абшытым казырком, шапку і агаліў высокі маршчыністы лоб. Гартны.

2. Зрабіць бачным што‑н. раней скрытае, зняўшы покрыва. Перасохла.. [рэчка], апала, агаліла крутыя свае берагі і прысмірнела. Галавач.

3. перан. Давесці да галечы, разарыць. [Немцы] агалілі нашчэнт, у морак ахуталі сёлы, Над краем прыйшлі панаваць Расстрэлы, пакуты, турма... Броўка.

4. Раскрыць сутнасць, сапраўдны змест чаго‑н., зрабіць яўным, відавочным. — Ты занадта агаліў сэнс жыцця, — сказаў Турсевіч. Колас.

5. перан. Пакінуць без людзей, без зброі, зрабіць даступным, адкрытым для ворага. Агаліць фронт. □ [Ермашоў:] А вам, таварышы, не шкодзіць павучыцца ў Наганава, як трэба трымаць заняты рубеж. А то, сапраўды: агалілі яго флангі і — бывай здароў... Губарэвіч.

6. Выняць з ножнаў. Агаліць шаблю.

7. Зрэзаць брытвай валасы, пабрыць.

агало́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад агаласіць.

агало́швацца, ‑аецца; незак.

1. Тое, што і агалашацца (у 1 знач.).

2. Зал. да агалошваць.

агало́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да агаласіць (у 1 знач.).

агаля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да агаліцца.

2. Зал. да агаляць.

агаля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да агаліць.

аганёк, ‑нька, м.

Пакаёвая травяністая расліна, якая найчасцей цвіце ярка-чырвонымі кветкамі. Гэта прасторная святліца з мноствам фікусаў, аганькоў, руж, пальмаў, якімі былі застаўлены ўсе вокны і палавіна падлогі, і была [Сашына кватэра]. Шамякін.

аганізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; незак.

Быць у стане агоніі; канаць.

аганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да абагнаць (у 2 знач.).