прыбудо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыбудаваць.
прыбудо́ўка, ‑і, ДМ ‑доўцы; Р мн. ‑довак; ж.
Разм. Тое, што і прыбудова (у 2 знач.). На гэтай палянцы .. раскінулася чыясь пасада .. з усімі прыбудоўкамі, садам і прасторным дваром. Колас.
прыбуксі́раваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыбуксіраваць.
прыбуксі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
Даставіць, прывесці куды‑н. на буксіры. Прыбуксіраваць судна да берага. □ — Пайду да старшага інжынера, — сказаў .. [Макараў], убачыўшы, што яго самалёт ужо прыбуксіравалі на стаянкі эскадрыллі. Алешка.
прыбуцве́лы, ‑ая, ‑ае.
Які трохі збуцвеў, струхлеў. Падышоў Патапавіч да акна, абапёрся локцямі на прыбуцвелы падаконнік. Кулакоўскі.
прыбуцве́ць, ‑ее; зак.
Трохі, не да канца збуцвець, струхлець. Дошкі прыбуцвелі. □ Аполачак гэты ўжо трохі прыбуцвеў. Кулакоўскі.
прыбыва́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыбываць — прыбыць.
прыбыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыбыць.
прыбы́так, ‑тку, м.
1. Сума, на якую даход перавышае выдаткі; грашовы даход. Чысты прыбытак. Валавы прыбытак. // Спец. Даход капіталістаў, крыніцай якога з’яўляецца прыбавачная вартасць. Максімальны прыбытак. Прыбыткі манаполій. // Спец. Даход дзяржаўных прадпрыемстваў у сацыялістычным грамадстве, які атрымліваецца ў выніку павышэння прадукцыйнасці працы. Прыбытак дзяржаўных прадпрыемстваў. Адлічэнне прыбыткаў.
2. Даход, які атрымліваецца ад якога‑н. роду заняткаў, дзейнасці і пад. Пан Кудзілоўскі лічыў, хата сады даюць больш прыбытку, чым збожжа, і збожжа зусім не сеяў. Хомчанка. — Але хіба кіраўніцтва завода не ведае без вашых табліц і лічбаў на некалькіх старонках, што пераабсталяванне цэха дало б вялікія прыбыткі заводу? Арабей. Выдавецкая справа ў той час не толькі не прынесла беларускаму першадрукару прыбыткаў, а патрабавала шмат выдаткаў. С. Александровіч.
3. Разм. Карысць, выгада. [Міхал:] — А што за шчасце тут, спытаем? Які прыбытак мы тут маем? Колас.
4. Разм. Пра з’яўленне патомства (у сям’і, гаспадарцы і пад.). Жадаем яшчэ вам Прыбытку ў хаце, Ні мала, ні многа — Штогод па дзіцяці. Русак. Рамізнік сядзіць на козлах і ўсміхаецца, гледзячы, як я нясу на руках дзіця. — З прыбыткам вас, — кажа ён. Сабаленка. Конюху дзядзьку Мікалаю не было каму ў тую часіну пахваліцца і свежай навіной і жаданым прыбыткам на сваёй канюшні. Якімовіч.
прыбытко́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць прыбытковага. Павышэнне прыбытковасці прадпрыемства.