зара́жанасць, ‑і, ж.
Стан заражанага. Заражанасць паветра.
зара́жаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад заразіць.
2. у знач. прым. Напоўнены хваробатворнымі мікробамі або шкоднымі рэчывамі. Заражанае насенне. Заражаная вада.
заража́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да заразіцца.
2. Зал. да заражаць.
заража́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да заразіць.
заражэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. заражаць — заразіць і стан паводле знач. дзеясл. заражацца — заразіцца.
за́раз, прысл.
1. У сучасны момант, у гэты час, цяпер. Усе цяпер на копцы бульбы, Дораг зараз кожны дзень. Панчанка. Дзе раней быў мох, там зараз канюшыны стог. З нар. // Толькі што, зусім нядаўна. Расказаная зараз гісторыя. // У самым скорым часе, хутка (пра дзеянні, падзеі, якія маюць вось-вось адбыцца). Ціха, дзеці, калі ласка, Раскажу вам зараз казку. Муравейка.
2. (звычайна з часціцай «жа»). Неадкладна, у гэты ж момант. [Цімафею Міронавічу] закарцела тады як-небудзь паказаць .. сваю сілу, зараз жа, неадкладна праверыць дзейнасць яе на якім-небудзь аб’екце. Зарэцкі.
зара́з, прысл.
Адразу, за адзін раз, адначасова. Рабіць дзве работы зараз. □ Богут ветлівым паклонам Гасцей вітае дарагіх І раскрывае сваё лона, Каб прытуліць зараз дваіх. Колас.
зара́за, ‑ы, ж.
1. Хваробатворныя мікраарганізмы, носьбіты і распаўсюджвальнікі хваробы. Баяцца заразы. Рассаднік заразы. □ Так і ляжыць [балота], засланае прэллю гнілых туманоў, поўнае машкары, камарэчы, разносячы заразу. Колас. // перан. Адмоўная з’ява ў сферы грамадскага жыцця, якая з’яўляецца перашкодай для прагрэсу. Рэлігійную заразу Ненавіджу, не цярплю! Я за ўсё жыццё ні разу Не заглянуў у царкву. Гілевіч.
2. перан. Разм. лаянк. Пра шкоднага, паганага чалавека або жывёліну. — У-у, зараза! — прасіпеў Ягор услед Піню. Корбан.
зараза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да зарэзаць.
зара́зіна, ‑ы, ж.
Разм. лаянк. Тое, што і зараза (у 2 знач.). — Но-о... Заразіна... — Джвучка мацюкаўся, але не злазіў з воза. Лупіў каня прутам, як мог. Пташнікаў.
заразі́ха, ‑і, ДМ ‑зісе, ж.
Бесхларафільная расліна-паразіт, якая развіваецца на карэнні іншых раслін (сланечніку, канапель, канюшыны і пад.).