прыблука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Блукаючы, апынуцца дзе‑н. Лукаш Леўчанка.. прыблукаў сюды з Украіны і асталяваўся ў Верхані ў якасці грамадскага пастуха. Колас. Па.. [сушы] і прыблукаў да дубоў дзік, па ёй, наеўшыся жалудоў, ён пасунуўся і назад у мох. Сачанка.
прыблы́таны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыблытаць.
прыблы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм.
1. Прыблудзіцца, прыблукаць куды‑н. Дзяўчына, відаць, трымала дзверы на засаўцы, баялася, каб не прыблытаўся салдат які ці афіцэр п’яны. Лобан.
2. Прыстаць да каго‑, чаго‑н.; прыняць удзел у чым‑н. [Наўмыснік:] — Цяпер і рад, што сюды прыблытаўся: тут жа такая работа вялікая пачынаецца. Чорны.
прыблы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм.
1. Прывязаць абы-як, заблытваючы. Прыблытаць каня.
2. перан. Расказваючы, дадаць, упамянуць што‑н. недарэчы. // Умяшаць каго‑н. у якую‑н. справу.
прыблы́твацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прыблытацца.
2. Зал. да прыблытваць.
прыблы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыблытаць.
прыблю́зніцца, ‑ніцца; зак.
Разм. Здацца, паказацца; уявіцца.
прыбо́й, ‑ю, м.
1. Хвалі, якія б’юць у бераг. Шумеў марскі прыбой, уздымаліся, гойдаліся цяжкія хвалі. Лынькоў. Праз момант маці пачула, як зашуршэлі пад яго нагамі дробныя, яшчэ не намочаныя прыбоем каменьчыкі. Кулакоўскі. // Шум, які ўтвараюць гэтыя хвалі. Цяпер і я сяджу у пальмавых алеях, Гляджу у даль і слухаю прыбой... Гурло.
2. Месца каля берага, куды б’е хваля. Зона прыбою. Паласа прыбою.
3. Спец. Павелічэнне ў аб’ёме (кучы камення), якое атрымліваецца пасля драбнення буйнага каменю на шчэбень.
прыбо́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прыбою (у 1 знач.). Прыбойны шум.
прыбо́р, ‑а, м.
1. Камплект, набор прадметаў для карыстання. Чарнільны прыбор. Чайны прыбор. □ Стол быў акуратна накрыты. На ім стаялі прыборы, чаркі, бутэлька наліўкі, вяндліна і ёмкая скаварада яечні з дзябёлымі, сакаўнымі скваркамі. Колас.
2. Спецыяльнае прыстасаванне, апарат, прызначаны для якой‑н. мэты (вымярэння чаго‑н., кіравання чым‑н. і пад.). Вымяральныя прыборы. □ Навіна [самалёта], галоўныя прыборы былі разбіты, левае крыло разарвана. Шамякін. Лабараторыі нарыхтоўчых пунктаў забяспечаны прыборамі для вызначэння якасці клубняў. «Звязда».
3. толькі мн. (прыбо́ры, ‑аў). Абл. Уборы, адзенне. Сотняй звітых вясёлак паркаль Усміхаўся з палатак на сонцы, І каралі цвілі на руках Прадаўцоў, у прыборах бясконцых. Танк.