про́лежні, ‑яў; адз. пролежань, ‑жня, м.
Амярцвенне скурных тканак цела ў выніку доўгага і нерухомага ляжання. У Рамана і на плячах і на сцегняках пролежні.. Варочаюць з боку на бок, мажуць спіртам. Пташнікаў.
про́лівень, ‑ліўня, м.
Разм. Моцны дождж; лівень. А на дварэ навальніца ды пролівень. Барашка. Не верыцца, што яшчэ нядаўна быў такі пролівень. В. Вольскі.
про́мах, ‑у, м.
1. Выстрал або ўдар міма цэлі; непападанне ў цэль. Біць без промаху. □ Не ведае промаху куля чэркеса. Броўка. Промах — мяч ляціць у ваду і вось ужо гайдаецца на хвалях, даволі хутка ўцякаючы ад берага. Брыль.
2. перан. Памылка, хіба. У рамястве.. [Васіль] быў здатны, прыкметлівы, а ў гаспадарскіх справах часта спатыкаўся, меў шмат усякіх промахаў і ўсякіх недарэчнасцей. Кулакоўскі. Я не збіраюся ідэалізаваць парторга Абраменкава. Ёсць і ў яго рабоце свае недахопы, промахі: вельмі гэта тонкая і складаная справа — партыйная работа. Дадзіёмаў.
•••
Не промах — лоўкі, кемлівы, які не ўпусціць свайго. [Стары Верас:] Ну, што ж мне сказаць... Як я пагляджу, дык мой хлопец не промах: выбраў сабе дзяўчыну да пары. Крапіва.
про́мень, ‑мня і ‑меня; мн. промні, ‑яў і промені, ‑яў; м.
Тое, што і прамень. Ад ранішніх промняў крупінкі бурштыну заззялі, як зоркі, на роўнядзі вод. А. Вольскі. Вось першы промень над зямлёю бліснуў — І іскраў у расе не пазбіраць. Панчанка.
про́мысел, ‑слу, м.
1. Здабыванне звяроў, птушак і пад. лоўляй, паляваннем. Промысел собаля. □ Мой дзед ездзіў на ловы ўжо з беркутам, а бацька, удасканаліўшы промысел продкаў, акрамя беркута, меў ганчака. Васілёнак.
2. Які‑н. занятак, рамяство як крыніца сродкаў існавання. Ганчарны промысел. Кавальскі промысел. □ Уперад некаторыя з лугінаўцаў займаліся промысламі: рабілі ц[а]бры, падушкі, колы, выраблялі рагожы ды вазілі за дваццаць вёрст у горад на продаж. Каваль. // Разм. Здабыванне чаго‑н. (часцей крадзяжом, ашуканствам і пад.). У Познані, дзе мянялася паравозная брыгада, Станіслаў хадзіў на «промысел», каб дастаць хлеба. Гурскі.
3. Месца, дзе займаюцца здабычай чаго‑н.; прамысловае прадпрыемства. Нафтавыя промыслы. Саляныя промыслы.
•••
Адыходны промысел (гіст.) — часовая, сезонная работа сялян за межамі сваёй вёскі.
про́мыславы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і прамысловы (у 2, 3 знач.).
про́паведзь, ‑і, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прапаведаваць; прапаведаванне.
2. Рэлігійна-павучальная прамова свяшчэннаслужыцеля звычайна ў царкве. Назаўтра поп граміў у царкве, у пропаведзі, каталіцтва, а Скуратовіч прымушан быў.. ехаць да споведзі аж у суседні прыход. Чорны. // перан. Разм. Павучанне, настаўленне. [Галубовіч:] — Не палічы гэта за нейкую пропаведзь. Я звяртаюся да цябе, як да чалавека, якому веру. Бальшавікі адкідаюць прыгожыя словы, мы не цураемся самай чорнай работы ў імя рэвалюцыі. Колас. — Усюды мы крычыш, што трэба берагчы лес, гадаваць яго да поўнай спеласці, не падпускаць браканьераў да жывога дрэва. І адразу ж забываемся на свае пропаведзі. Паслядовіч.
про́падам,
У выразе: прападзі ты пропадам! гл. прапасці.
про́паліс, ‑у, м.
Клейкае смалістае рэчыва, якое выпрацоўваецца пчоламі і выкарыстоўваецца імі ў якасці будаўнічага матэрыялу.
[Грэч. própolis.]
про́пісь, ‑і, ж.
1. Узор правільнага каліграфічнага пісьма. Спісваць з пропісі. // Пісьмо ад рукі сярод друкаванага тэксту.
2. перан. Агульнавядомая, збітая ісціна, думка.
3. у знач. прысл. про́піссю. Словамі, а не лічбамі. Напісаць суму пропіссю.