Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

про́бліск, ‑у, м.

1. Бляск або святло, якое раптоўна з’явілася сярод цемры. Ні пробліску ў цёмным небе, ні зоркі. Краўчанка.

2. перан. Кароткачасовае, слабае праяўленне чаго‑н. (пачуцця, свядомасці і пад.). Пробліск надзеі. Пробліскі радасці. □ І зноў Марына не ўбачыла ніводнага пробліску спагады на тварах .. ворагаў. Шарахоўскі.

про́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Прыгатаваны або ўзяты на пробу (у 1 знач.), прызначаны для праверкі. Пробная партыя гавару. Пробныя духі. // Які служыць, робіцца для праверкі, пробы. — Колькі спатрэбіцца часу на падрыхтоўку новых фрэз?.. — Першыя пробныя можна зрабіць хутка. Кулакоўскі. З экспедыцыяй .. [Аляксей Іванавіч] паехаў і сам, каб наглядаць за бурэннем пробных шчылін. Шахавец.

2. Які мае пробу (у 3 знач.). Пробнае золата.

•••

Пробны камень гл. камень.

Пробны шар гл. шар.

про́вад, ‑у, М ‑дзе; мн. правады, ‑оў; м.

Металічны шнур, дрот для перадачы электрычнага току. Электрычны провад. Тэлефонны провад. Провад высокага напружання. // Лінія тэлефоннай або тэлеграфнай сувязі. «Што табе трэба, дзяўчынка?» — спыталі з другога канца проваду. Хомчанка. Пяюць правады на высокіх слупах. Глебка.

про́вады, ‑аў; адз. няма.

Дзеянне паводле дзеясл. праводзіць — правесці (у 7 знач.); развітанне з тым, хто ад’язджае, адыходзіць. Провады ў армію. Провады гасцей. □ На провадах былі родзічы тых, хто ад’язджаў, і шмат хто з аднавяскоўцаў. Шахавец. // Разм. Развітальны вечар, бяседа. — Ды, праўду сказаць, я і провады ўчора наладзіў. Але ўсё ж з нагрэтым кутком шкада расставацца. Колас.

про́даж, ‑у, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прадаваць — прадаць. Продаж кніг. □ Гандляры з сялян везлі на продаж найбольш яблыкі, грушы, мёд. Пестрак. // Гандаль, тавараабарот. Паступіць у продаж. Быць у продажы.

•••

Купля-продаж гл. купля.

про́дак, ‑дка, м.

1. Асоба, якая з’яўляецца папярэднікам у сям’і, родзе, племені па бацькоўскай або мацярынскай лініі. Сярод продкаў Максіма Багдановіча было нямала таленавітых людзей. Майхровіч. Ці то жартам, ці то ўсур’ёз Дзед Хрушч расказаў, што яго продкам быў нейкі невядомы драгун. Колас. // Родапачынальнік якога‑н. віду або роду жывёл і раслін.

2. толькі мн. (про́дкі, ‑аў). Людзі, якія жылі задоўга да цяперашняга часу. Пакінем спадчыну мы для патомкаў Інакшую ад той, Што ўзялі мы ад продкаў на абломках Гісторыі сваёй. Купала.

про́дых, ‑у, м.

Разм. Тое, што і перадышка. — Як ты думаеш, маці, можа, варта сёлета дажынкі справіць? — Людзі нам памагалі, цурацца іх нельга... Ды ўрэшце яно — цалюткі год гаруеш, гаруеш, а продыху няма. Хоць разгавецца крыху. С. Александровіч.

про́едзь, ‑і, ж.

Разм. Праедзенае месца. Проедзі на футры.

про́жар, ‑а, м.

Разм. груб. Пражэрлівы, прагны да яды чалавек. [Касперыч] варушыў сківіцамі, як жорнамі, малоў сала і хлеб, а потым, таксама па-воўчы, глытаў іх. І вочы яго блішчалі, як у воўка.. — Ось прожар, дык прожар! Колас.

про́жаўць, ‑і, ж.

Жоўты прасвет, жоўты адліў у афарбоўцы.