Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

праяўле́нне, ‑я, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. праяўляць — праявіць і праяўляцца — праявіцца.

2. Выяўленне, увасабленне чаго‑н.; разнавіднасць, форма. Тое, што .. [Наташа] хварэла за поспехі і няўдачы брыгады, было звычайным праяўленнем яе натуры. Краўчанка. Багдановіч сваёй паэзіяй імкнуўся асэнсаваць і адлюстраваць навакольную рэчаіснасць ва ўсіх яе праяўленнях. Лойка.

прая́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад праявіць.

праяўля́цца, ‑яецца; незак.

1. Незак. да праявіцца.

2. Зал. да праяўляць.

праяўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да праявіць.

про́ба, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прабаваць, пробаваць (у 1 знач.).

2. Невялікая частка чаго‑н., узятая для праверкі, вызначэння якасці. Узяць пробу. □ Захапіўшы з сабой кірку, компас, ручны бур для даследавання выхадаў нафты, скрынку для проб розных парод і, вядома, карту Гаўрынава, падарожнікі выйшлі з двара. Гамолка. Пасля кожнай варкі ў лабараторыю ідзе проба. Прадукцыю правяраюць на ўтрыманне цукру, тлушчу, сухіх рэчываў. «Беларусь».

3. Колькасць вагавых частак высакароднага металу, якая змяшчаецца ў пэўнай колькасці вагавых долей сплаву, а таксама кляймо, якое абазначае гэту колькасць, на вырабах з высакароднага металу. Вызначыць пробу плаціны. Золата 958 пробы.

4. Выпрабаванне. Проба агнём.

•••

Высокай (вышэйшай) пробы — вельмі высокай якасці, кваліфікацыі і г. д.

На пробу (узяць, даць) — для праверкі, ацэнкі і г. д.

Нізкай пробы — вельмі нізкай якасці, уласцівасці і г. д.

Проба пяра — пра першы літаратурны твор. Да гэтага часу [вучобы ў Койданаўскім вучылішчы] адносіцца і мая першая проба пяра. Крапіва.

про́бавацца,

гл. прабавацца.

про́баваць,

гл. прабаваць.

про́башч, ‑а, м.

Ксёндз, які стаіць на чале парафіі. Ксяндза-пробашча віншуюць: яго прамова — шэдэўр красамоўства. Колас. Адзінае, што заслугоўвае ўвагі, — гэта касцёл і плебанія, у якой жыве пробашч Аўгусцін. Бажко.

[Польск. proboszcz.]

про́бель, ‑і, ж.

Белы прасвет, белы адліў у афарбоўцы.

про́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Назва аднаго з відаў электрычных засцерагальнікаў. Перапаліць пробкі.

2. перан. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н., якая перашкаджае руху, цячэнню; затор. На пераправе ўтварылася пробка. Дзесяткі машын, танкаў; фурманак збіліся ў кучу ля берага. Хомчанка. Кожны імкнуўся хутчэй прабрацца, стварылася пробка, узмацніліся крыкі. Маўр.