Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прая́ва, ‑ы, ж.

1. Незвычайнае здарэнне. «Што за праява?» — падумаў Сяргей і пачуў, як па яго спіне захадзілі мурашкі. Колас. І яшчэ адбылася з Хілімонам адна праява — больш ніхто яго не бачыў у старой пашарпанай ватоўцы. Сабаленка. Нейкі час Хацяноўскі быў сам не свой — заблытала яго гэтая жахлівая і ганебная праява, растрывожыла душу. Кулакоўскі.

2. З’ява, праяўленне. І ўсё ж у вачах стаялі праявы роднай вёскі, малюнкі перажытага. Марціновіч. Гісторыя слова грунтуецца на гістарычных падзеях, на розных праявах жыцця грамадства. Юрэвіч. Вялікі, магутны навакольны свет, поўны прыгажосці і сілы, праяў і падзей. М. Ткачоў.

прая́вачны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які прызначаецца, служыць для праяўлення адбіткаў на плёнцы, пласцінцы. Праявачная машына. Праявачныя прыборы.

праяві́цель, ‑ю, м.

Спец. Водны раствор хімічнага рэчыва, які ўжываецца для ператварэння нябачнага адлюстравання на плёнцы, пласцінцы ў бачнае.

праяві́цца, ‑явіцца; зак.

1. Стаць прыкметным, выявіцца (аб якіх‑н. якасцях, уласцівасцях). Ужо з дзяцінства ў Марыны праявіліся музычныя здольнасці. Васілевіч. [Тарас:] Вельмі прыемна, што ў Андрэя праявіўся талент артыста. Гурскі.

2. Спец. Стаць бачным пад уздзеяннем праявіцелю (пра адбітак на плёнцы, пласцінцы).

праяві́ць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; зак., што.

1. Выявіць якую‑н. якасць, уласцівасць. Праявіць смеласць. Праявіць ініцыятыву. □ Усе гэтыя дні Сузан хадзіў вясёлы і ўзрушаны. Ён праявіў нават пэўную энергію і заклапочанасць. Лынькоў. Вася нават не чакаў, што строгі, суровы на выгляд капітан праявіць такую ўвагу да яго. Краўчанка.

2. Спец. Пры дапамозе праявіцелю ператварыць нябачны адбітак на плёнцы, пласцінцы ў бачны. Калі плёнку праявілі і разгледзелі фатаграфію, то аказалася, што на ёй.. бачны таксама і белы гіпсавы дыск. Матрунёнак.

•••

Праявіць сябе — выявіць свае вартасці ці недахопы, зарэкамендаваць сябе пэўным чынам. Раман і Аляксей думалі, што нарэшце яны змогуць праявіць сябе як героі. Кавалёў.

праяда́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. праядаць — праесці.

праяда́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да праядаць.

праяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да праесці.

праязджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да праехаць.

2. Незак. да праездзіць (у 2 знач.).

праязны́, ‑ая, ‑ое.

Які дае права на праезд якім‑н. відам транспарту. Праязны білет.