Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

экстырпа́тар, ‑а, м.

1. Хірургічны інструмент для экстырпацыі.

2. Культыватар для глыбокага рыхлення глебы і знішчэння пустазелля.

[Лац. extirpo — вырываю з коранем.]

экстырпа́тарны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да экстырпатара. Экстырпатарны культыватар.

экстырпа́цыя, ‑і, ж.

Спец. Поўнае выдаленне якога‑н. органа або пухліны. Экстырпацыя шчытападобнай залозы.

[Ад лац. extirpatio — выдаленне з коранем.]

экстэнсі́ўнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць і стан экстэнсіўнага. Экстэнсіўнасць гаспадаркі.

экстэнсі́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які накіраваны ўшырыню, звязаны толькі з колькасным павелічэннем без паляпшэння якасці; проціл. інтэнсіўны. Экстэнсіўныя метады развіцця прамысловасць. □ Экстэнсіўнае развіццё сельскай гаспадаркі менш выгаднае, менш эфектыўнае, чым інтэнсіўнае. «Полымя».

[Ад лац. extensivus — расшыральны, працяглы.]

экстэр’е́р, ‑у, м.

Знешні выгляд і склад цела жывёл. Пірат [сабака] рос не якім-небудзь дварняком, а на рэдкасць разумным англа-русам з выдатным экстэр’ерам. Карамазаў.

[Фр. extérieur.]

экстэр’е́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да экстэр’еру. Экстэр’ерныя асаблівасці. Экстэр’ерныя якасці.

экстэ́рн, ‑а, м.

1. Той, хто здае экзамены за які‑н. вучэбны курс без вучобы ў адпаведнай навучальнай установе.

2. У дарэвалюцыйнай школе — вучань, які не жыве ў інтэрнаце пры навучальнай установе.

3. Уст. Пазаштатны ўрач, які бясплатна працаваў у бальніцы для праходжання практыкі.

[Ад лац. externus — знешні, вонкавы, старонні.]

экстэ́рнам, прысл.

У выразе: здаваць (здаць) экстэрнам — здаваць (здаць) экзамены адразу, без навучання, заняткаў у адпаведнай навучальнай установе. [Казімір:] — Таню, бачыш, трыганаметрыю. Вясною здам экстэрнам. Савіцкі. І я амаль падрыхтаваўся, каб здаць экстэрнам зімовую сесію ў інстытуце разам з вамі... Васілевіч.

экстэрна́т, ‑у, М ‑наце, м.

1. Самастойнае праходжанне курса навучання са здачай экзаменаў пры якой‑н. навучальнай установе.

2. Уст. Пасада экстэрна (у 3 знач.).