Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прачэ́сваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прачасаць ​1.

прачэ́сваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прачасаць ​2.

прашалясце́ць, ‑ляшчу, ‑лясціш, ‑ляссціць; зак.

Утварыць шалясценне. Лісце прашалясцела. □ Раптам прашалясцелі крыл[ы], цёмны цень мільгануў над вуліцай — паляцеў да крыніц бусел. Лупсякоў.

прашамаце́ць, ‑мачу, ‑маціш, ‑маціць; зак.

Утварыць шамаценне. [Аўсей] пачуў, што гародамі на двор Марозіхі нешта прашамацела. Кухараў.

праша́мкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і без дап.

Сказаць шамкаючы. — Адна асоба чакае ваш каля ўваходу ў парк, — па-старэчы прашамкала Маша. Шамякін. — Дзень і ноч кажам вам дзякуй, — абапіраючыся на кій, прашамкаў сваім бяззубым ротам стары. М. Ткачоў.

прашапата́ць, ‑пачу, ‑почаш, ‑поча; зак.

Утварыць шапатанне.

прашапаце́ць, ‑пачу, ‑паціш, ‑паціць; зак.

Утварыць шапаценне. [Вера Андрэеўна] прашапацела каля Рыгора шаўковым халатам, кінула на госця прыхільны позірк. Арабей.

прашапта́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прашаптаць.

прашапта́цца, ‑шапчуся, ‑шэпчашся, ‑шэпчацца; зак.

Шаптацца некаторы час. Як помніла [Юля], усё жыццё вось гэтак прашапталася цётка Юстыня. Ніколі не відно было, каб радавалася яна ці смяялася, ці ў госці да каго хадзіла. Сачанка.

прашапта́ць, ‑шапчу, ‑шэпчаш, ‑шэпча; зак., што і без дап.

1. Сказаць ціха, шэптам. — Даруй мне, дачушка! — здавалася, толькі аднымі вуснамі прашаптаў Кандрат. Кулакоўскі. — Трэба праверыць, — ледзь чутна прашаптаў Юрка і асцярожна спусціўся на зямлю. Курто.

2. Шаптаць некаторы час.

прашапяля́віць, ‑ляўлю, ‑лявіш, ‑лавіць; зак., што і без дап.

Шапялявячы, сказаць што‑н. — Што гэта ты, Мініч, спіш на занятках? — Мініч спалохана прахапіўся. Вінаватая ўсмешка заблукала на яго губах. Вучні зарагаталі. — Я не спаў усю ноч, — прашапялявіў Мініч. Колас.