Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

праця́гласць, ‑і, ж.

1. Адлегласць (даўжыня, шырыня ці вышыня), занятая чым‑н. Працягласць трубаправода. □ Велізарны масіў аўса межаваў з жытам, бульбай і на працягласці 300 м — з канюшынай. «Весці».

2. Час, перыяд, тэрмін, на працягу якога што‑н. дзейнічае, адбываецца, існуе. Працягласць урока — сорак пяць хвілін. Працягласць камандзіроўкі — месяц. □ Працягласць нерасту залежыць ад тэмпературы вады. Матрунёнак.

праця́глы, ‑ая, ‑ае.

Які доўга працягваецца. Працяглы тэрмін. □ Наступіла працяглая маўклівая паўза: усе меркаванні і здагадкі ўжо былі выказаны да з’яўлення Шэмета, і цяпер ніхто не адважваўся іх паўтараць. Лобан. Стук паўтарыўся. Ён быў такі ж асцярожны, але больш настойлівы, працяглы. Кулакоўскі. Спачатку сакаляня лятала толькі каля хаты, але з кожным днём падарожжы яго рабіліся ўсё больш і больш далёкімі і працяглымі. В. Вольскі. // Працяжны, не адрывісты (пра гукі). Гукі біліся аб густую сцяну бору і, не прабіваючы яе, адляталі назад працяглым рэхам. Шамякін. А за возерам, далёка на небасхіле, вісела чорная хмара. Час ад часу яе прарэзвала маланка і праз момант далятаў глухі, працяглы гром. Ваданосаў.

праця́гнены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад працягнуць.

праця́гнуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад працягнуць.

працягну́цца, ‑цягнецца; зак.

1. Выцягнуцца ў якім‑н. напрамку. Дзверцы адчыніліся, працягнуліся дзве пары рук. Ваданосаў.

2. Расцягнуцца, размясціцца на вялікую адлегласць; выцягнуцца. Новы прамысловы раён горада працягнуўся доўгім белым ланцугом уздоўж Амура. Грахоўскі. Праз паўгадзіны .. [Андрэй] быў ужо каля роднай вёскі, электрычныя агні якой працягнуліся ад ракі аж да лесу. Скрыпка.

3. Прадоўжыцца. Даклад працягнуўся дзве гадзіны. Падарожжа працягнецца два месяцы. □ — Калі дождж працягнецца, нам не хопіць паліва, — заўважыў Тайдо. Маўр. Вайна ж доўга не працягнецца, хутка нашы разаб’юць фашыстаў, бацька вернецца. Жычка.

4. Павольна прайсці (пра час). Увесь той дзень працягнуўся, як пакута. Чорны.

5. Прайсці праз вузкую адтуліну; прасунуцца. Нітка працягнулася ў іголку.

працягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак.

1. каго-што. Цягнучы, перамясціць у якім‑н. напрамку або на якую‑н. адлегласць. Працягнулі трохі валы дубовыя сані па пяску ды сталі, як укапаныя. Якімовіч. / у безас. ужыв. І ўсё ж удар быў нечаканы — Мікола адразу ж паваліўся і яго трохі працягнула па глыбокім снезе. Новікаў.

2. што. Выцягнуць, выпрастаць (руку, нагу і пад.). Ладуцька працягнуў руку і лёгка тузануў Зайцава за край гімнасцёркі. Кулакоўскі. // Паднесці, падаць выцягнутай рукой. — Вось, вазьмі, Андрэйка, — працягнула мне дзяўчына невялікі пакунак. Даніленка. А праз некалькі дзён, у нядзелю, прыйшоўшы з мястэчка, бацька паклікаў мяне з двара і працягнуў новенькі жоўты буквар. Ляўданскі.

3. што. Пацягнуць, расцягнуць упоперак чаго‑н. або ў якім‑н. напрамку. Мітынг адкрыў Васіль Лазавенка.. Дзяніс Гоман і Максім у гэты момант працягнулі на мастку істужку. Шамякін. // Правесці, пракласці. Працягнуць тэлефонную лінію. Працягнуць дарогу. □ Намаганні Максіма хутчэй працягнуць лінію да Лядцаў былі дарэмныя. Шамякін. Мікола зрабіў столік пад бачкі і ванначкі, выпрасіў у мамы і перанёс туды невялічкі куфэрак, працягнуў электраправодку. Шыловіч.

4. каго-што. Прапусціць, правесці праз што-н; уцягнуць у што‑н. Працягнуць нітку ў іголку. □ Не заўсёды ўдавалася працягнуць лодку цераз гэтыя заломы. Прыходзілася рассякаць бярвенні, што збіліся тут у кучу, або з дапамогай агню прапальваць у іх праходы. Гавеман. // што. Дамагчыся прыняцця недазволенымі метадамі (пастановы, рашэння і пад.). Працягнуць рэзалюцыю на сходзе. // Спец. Вырабіць, прапускаючы метал праз адтуліну патрэбнага памеру. Працягнуць дрот.

5. што. Спец. Апрацаваць дэталь працяжкай (у 2 знач.).

6. чым. Правесці чым‑н. па якой‑н. паверхні. Хомчык устаў. Па салдацкай звычцы працягнуў пальцамі па поясу і паправіў гімнасцёрку. Пестрак. Сыпаліся слёзы, Беглі над прыполам, Быццам хто па сэрцу Працягнуў нажом. Броўка.

7. што. Прымусіць доўга гучаць. Працягнуць ноту. // Працяжна вымавіць, сказаць што‑н. — Тпру-у, — працягнула Вера. Кулакоўскі. — Я хачу сма-а-ч-нага-а — працягнула .. [дзяўчынка]. Васілевіч.

8. што. Прадоўжыць, узнавіць пасля перапынку. [Ладынін:] — Таварышы, аб усім іншым пасля. Працягнем наш сход. Шамякін. Ну дык зноў працягнем наш паядынак, яшчэ і яшчэ раз уп’ёмся радасцю барацьбы. Гарбук.

9. каго-што. Разм. Раскрытыкаваць, абсмяяць (звычайна ў друку). — Кабеты, Чаго стаім? Не час, У вусную газету Яшчэ працягнуць нас. Калачынскі.

10. Пражыць, праіснаваць некаторы час. «Не працягне бацька больш дня», — падумаў Васіль і адчуў, што на вачах закіпелі слёзы. Даніленка. — На нішчымніцы доўга не працягне, ды пры такой яшчэ цяжкай рабоце... Пальчэўскі.

•••

Ногі працягнуць (выцягнуць, выпруціць, выпрастаць) — памерці.

Працягнуць руку дапамогі каму — тое, што і падаць руку дапамогі каму (гл. падаць).

Як руку працягнуць — вельмі блізка.

праця́жна, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Спец.

1. Від гарачай штампоўкі для атрымання пустых (парожніх) паковак шляхам працягвання праз кольцы, у якіх паступова змяншаецца дыяметр.

2. Многаразцовы металарэзны інструмент для апрацоўкі скразных адтулін і знешніх паверхняў металічных, пластмасавых дэталяў на працяжных станках.

праця́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць працяжнага.

праця́жнік, ‑а, м.

1. Знак прыпынку ў выглядзе доўгай гарызантальнай рыскі ( — ).

2. Такі знак у азбуцы Морзе, а таксама гукавы сігнал, які адпавядае гэтаму знаку.

праця́жны, ‑ая, ‑ае.

Які гучыць павольна, цягуча, не адрывіста. Песня хлынула шырокая, працяжная. Грамовіч. Працяжны паравозны гудок .. зліваўся з нейкай бадзёрай песняй. Скрыпка.

працяжны́, а́я, ‑о́е.

Спец. Які прызначаецца, служыць для працягвання, працяжкі (у 1 знач.). Працяжны станок.