Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

працэ́с, ‑у, м.

1. Паслядоўная змена якіх‑н. з’яў, ход развіцця чаго‑н. Літаратура — заўсёды працэс, і на яе развіццё ўплывае нават тое, што супярэчыць яе асноўнаму напрамку... Навуменка. Хацелася мець здымкі такія, якія адлюстроўвалі б увесь працэс працы на агародзе і ў садзе. Сабаленка. // Сукупнасць паслядоўных дзеянняў, накіраваных на дасягненне пэўнага выніку. Тэхналагічны працэс. □ Цярпліва тлумачыў дзед Петрыку працэс рамонтных работ. Шынклер.

2. Актыўнае развіццё хваробы. Запаленчы працэс. □ Кансіліум выявіў у Давіда адкрыты працэс сухотаў. Машара.

3. Спец. Парадак разбору судовых спраў. Грамадзянскі працэс. // Разбор справы судом. Паказальны судовы працэс. □ Працэс пачаўся з апытання абвінавачаных. Ліс. У перапоўненай вялізнай зале Ідзе працэс над бандаю забойцаў. Гілевіч.

•••

Спаборны судовы працэс (спец.) — парадак разгляду судовых спраў, пры якім разбор справы адбываецца пры ўзаемным удзеле бакоў.

У працэсе чаго — у ходзе, у час здзяйснення чаго‑н.

[Ад лац. processus — цячэнне, ход.]

працэ́сія, ‑і, ж.

Урачыстае мнагалюднае шэсце. Пахавальная працэсія. □ Па правым беразе ідзе ўздоўж ракі вясельная працэсія. В. Вольскі.

працэсуалі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Юрыст, знаўца працэсу (у 3 знач.).

працэсуа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да працэсу (у 3 знач.). Працэсуальнае права. Працэсуальныя тэрміны.

праця́г, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. працягваць — працягнуць (у 8 знач.) і працягвацца — працягнуцца (у 3 знач.).

2. Тое, што прадаўжаецца; частка чаго‑н., прадаўжэнне. Мінула пяць год, і чытач атрымаў працяг трылогіі — кнігу «У глыбі Палесся». Шкраба. І на міг Сашы здалося, нібы ўсё, што яна пачула толькі што, — гэта працяг страшнага сну. Шамякін. Доўгая вулачка паміж платамі была працягам гэтай сцежкі. Чорны.

•••

На працягу чаго — у час чаго‑н. Лацінская мова на працягу ўсяго сярэдневякоўя была афіцыйнай мовай навукі і пісьменнасці народаў Заходняй Еўропы. Юргелевіч.

працяга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Прахадзіць некаторы час дзе‑н. Працягацца цэлы дзень па магазінах. □ Васіль увесь тыдзень працягаўся .. нудны і маркотны. Гартны.

працяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Цягаць некаторы час. Усю зіму працягаў боты. □ — Я амаль усю вайну працягаў «максіма». Карпюк.

праця́гванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. працягваць — працягнуць.

праця́гвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да працягнуцца.

2. Зал. да працягваць.

праця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да працягнуць.