Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

праці́ршчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца праціркай чаго‑н.

праці́ршчыца, ‑ы, ж.

Жан. да праціршчык.

праці́скацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Ціскацца некаторы час.

праціска́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Незак. да праціснуцца.

2. Зал. да праціска́ць.

праці́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Ціскаць некаторы час.

праціска́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да праціснуць (у 1, 2 знач.).

праці́снуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад праціснуць.

праці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Прабрацца, пранікнуць у што‑н. вузкае, цеснае ці паміж кім‑, чым‑н. Таццяна абышла вакол агароджы і на другім баку ўбачыла ладную такі шчыліну. Ёй удалося праціснуцца. Васілёнак. Свідраль устаў, апрануў паліто і праціснуўся праз парадзелы натоўп да дзвярэй. Дуброўскі. Статкевіч праціснуўся між лавак. Алешка.

праці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

1. Ад націскання зрабіць умяціну на чым‑н. Праціснуць каробку. □ Па снезе знаць ад іх чорныя кругі — вёдры праціснулі снег да зямлі. Пташнікаў.

2. Праштурхнуць, прасунуць у што‑н. вузкае, цеснае ці паміж чым‑н. Праціснуць руку ў шчыліну. □ Максім праціснуў праз краты твар і, махаючы рукою, назваў сваё прозвішча. Машара.

праці́ўнік, ‑а, м.

1. Чалавек, які адносіцца варожа ці адмоўна да каго‑, чаго‑н. Селянін Сцёпка Ляўшун смела выступаў супраць крыўд сельскай грамады, на сходах быў першым праціўнікам начальства. Пшыркоў. Сярод клінкоўскай беднаты знайшліся і праціўнікі калектывізацыі. Колас.

2. Чалавек, які імкнецца перамагчы другога (у спрэчцы, сутыкненні, бойцы); сапернік. Маім адкрытым праціўнікам стаў Васіль. Кавалёў. Праціўнікі ўжо сашчапіліся загрудкі, ужо адзін, хапаючыся за пісталет, паляцеў потырч праз крэсла. Лынькоў. // Удзельнік гульні, спартыўнага спаборніцтва (у адносінах да другога, другіх удзельнікаў). Мячык быў перахоплены праціўнікам. Гамолка.

3. зб. Варожыя ўзброеныя сілы; вораг. Вагонаў так сумеў паставіць свае гарматы і так спрытна мяняў іх месцы, што агонь праціўніка не рабіў ніякае шкоды. Колас. Брыгада несла цяжкія страты, адступаючы пад націскам у дзесяць разоў мацнейшага праціўніка. Шамякін.

праці́ўніца, ‑ы, ж.

Жан. да праціўнік (у 1, 2 знач.).

праці́ўны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Непрыемны, агідны, брыдкі. — І вось жа ведаеш, усведамляеш усё гэта і тым не меней робіш тое, ад чаго потым становішся праціўным сам сабе. Колас. Чорныя кропкі пылу ў гэтай шчэці рабілі яго яшчэ больш праціўным. Ермаловіч.