працвярэ́жванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. працвярэжваць — працверазіць і працвярэжвацца — працверазіцца.
працвярэ́жвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да працверазіцца.
2. Зал. да працвярэжваць.
працвярэ́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да працверазіць.
працвярэ́знік, ‑а, м.
Тое, што і выцвярэзнік. Прачнуўся хлопец у працвярэзніку. Балела галава і ўсё цела. Шамякін.
працеляпа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Целяпацца некаторы час.
працерабі́цца, ‑цераблюся, ‑цярэбішся, ‑цярэбіцца; зак.
1. Пракласці сабе дарогу, высякаючы, выломваючы што‑н. Ледзь толькі конюх працерабіўся праз гушчар алешніку на поплаў, як убачыў каля балота людскі натоўп. Мележ.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аказацца, стаць працярэбленым. Сягоння ўжо працерабіўся гэты шлях: На гонях родных не пануе нелюдзь, З душы спадае перад будучыняй жах. Купала.
працерабі́ць, ‑цераблю, ‑цярэбіш, ‑цярэбіць; зак., што.
1. Расчысціць, расцерабіць (дарогу, праход). «Пайду, дарогу працераблю... Хутка развіднеецца», — думаў .. [Алесь]. Чарнышэвіч. / у перан. ужыв. З гневам, з запалам гаварыў .. [Барташэвіч], што быццам я і раўні сабе не ведаю, што я нікога не паважаю, быццам я заўзяты кар’ерыст, які толькі і дбае, каб працерабіць сабе дарогу. Сабаленка.
2. Церабіць некаторы час.
працерушы́ць, ‑цярушыць; зак.
Церушыць некаторы час (пра дождж, снег). Снег працерушыў увесь дзень.
праце́рці, пратру, пратрэш, пратрэ; пратром, пратраце; пр. працёр, ‑церла; заг. пратры; зак., што.
1. Тручы, зрабіць дзірку. Працерці паперу гумкай. Працерці падэшвы ботаў.
2. Выціраючы, зрабіць чыстым. Макар працёр спацелую шыбу далон[ню] і прыпаў да рамы. Дуброўскі. Сямён Львовіч зняў акуляры, працёр шкельцы крысом белага халата. Кавалёў.
3. Расціраючы, прапусціць праз рэшата, сіта і пад. Працерці ягады праз сіта.
4. Разм. Пракласці (дарогу, сцежку). Яшчэ не працерлі саньмі дарогі — замецена была вуліца ў Вязавічах. Калюга. Яны працерлі нагамі вузенькія доўгія сцежкі на лёдзе і коўзаліся. Колас.
5. Церці некаторы час. Працерці лён цэлы дзень.
•••
Працерці вочы — а) прачнуцца; б) апамятацца (ад чаго‑н. нечаканага).
праце́рціся, пратруся, пратрэшся, пратрэцца; пратромся, пратрацося; пр. працёрся, ‑церлася; заг. пратрыся; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прадрацца ад трэння. Локці рукавоў працерліся. □ [Раман] сціскае ў руцэ халодны кашалёк. Вынасілася скура, зрудзела, працерлася. Пташнікаў.
2. Разм. Патраціць марна, без карысці час; прагуляць. Зойдзе [Якаў] сабе да Крывіцкага, суседняга лесніка, з ім пратрэцца дзень, потым да другога. Лобан.