праваско́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да праваскаваць.
правасла́ўе, ‑я, н.
Разнавіднасць хрысціянскай рэлігіі, веравызнанне, якое перайшло з Візантыі ў Старажытную Русь і было афіцыйнай рэлігіяй у царскай Расіі.
правасла́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да праваслаўя. Праваслаўныя малітвы.
2. Які вызнае праваслаўе. — Ну, бо, кажуць, ёсць беларусы праваслаўныя і католікі, — далей разважыла [жонка]. Карпюк. / у знач. наз. правасла́ўны, ‑ага, м.; правасла́ўная, ‑ай, ж. [Саўка:] Хоць вы [Хімка] і праваслаўная, але за католікам замужам... у касцёле вянчаліся... Гурскі. Поп вырачыў на мяне спалоханыя вочы. — Дык .. [Казік] не праваслаўны? Якімовіч.
правасу́ддзе, ‑я, н.
1. Суд, судовая дзейнасць дзяржавы; юстыцыя. Сацыялістычнае правасуддзе. // Органы, якія ажыццяўляюць гэтую дзейнасць. З прыходам Чырвонай Арміі і ўстанаўленнем Савецкай улады .. [Хмель] меціць заняць якую-небудзь пасаду, яле тут яго палохае ўжо савецкае правасуддзе. Хомчанка.
2. Рашэнні, заснаваныя на законах і справядлівасці.
правасу́дны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Які адпавядае патрабаванням закона, заснаваны на правасуддзі.
правасхадзі́цельства, ‑а, н.
1. У дарэвалюцыйнай Расіі — тытулаванне некаторых вышэйшых чыноў і іх жонак (ужывалася з займеннікамі «ваша», «яго», «яе», «іх»).
2. Ужываецца ў сучаснай дыпламатычнай мове як форма звароту да кіраўнікоў і членаў урада замежных дзяржаў.
правата́, ‑ы, ДМ ‑ваце, ж.
Правільнасць думкі, меркавання, учынкаў; справядлівасць. [Толік] шкадаваў бацьку, які зусім не ўмее даказаць сваю правату. Жычка. — Народ адчувае сваю вялікую перавагу над фашыстамі, сваю сілу, сваю правату. Лынькоў.
правафланго́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да правага фланга; размешчаны на правым флангу. — Як ідуць, Вася! Як ідуць! — шаптаў.. [Волкаў]. — Ты паглядзі толькі! І сам палкоўнік. Бачыш, правафланговая машына яго, як заўсёды... Шамякін.
2. у знач. наз. правафланго́вы, ‑ага, м. Той, хто знаходзіцца на правым флангу і з’яўляецца першым у радзе. На ўроках фізкультуры .. [Кузя] стаіць у страі правафланговым. Жычка.
правашчы́ць, ‑вашчу, ‑вошчыш, ‑вошчыць; зак., што.
Тое, што і праваскаваць.
праваява́ць, ‑ваюю, ‑ваюеш, ‑ваюе; зак.
Ваяваць некаторы час. Два гады ўжо праваяваў .. [Візэнер].. Але ніколі яшчэ смерць не была так блізка ад яго. Шамякін.