прахво́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Разм. лаянк. Нягоднік, падлюга. — От прахвост! Нагнаў на мяне страху, а сам у кусты. Бажко. Адно неадчэпна чаўплося ў галаве: Генадзь прахвост; ён ажаніўся з Вікторыяй, каб затуліцца на гады вучобы за ягоную, Міхалаву, спіну. Сабаленка.
прахіста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Хістацца некаторы час.
прахіста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Хістаць некаторы час.
прахлі́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Хліпаць некаторы час. Галя на вяселле не пайшла. Увесь той дзень яна прахліпала ў падушку. Сабаленка.
прахо́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. праходзіць — прайсці.
2. Месца, па якім можна прайсці праз што‑н., паміж чым‑н. Юркава парта стаяла побач са Сцёпкавай. Іх падзяляў вузкі, як прайсці аднаму чалавеку, праход. Курто. Манг мігам упёрся жардзінай у сцяну, а бацька тым часам хутка прасунуў човен у праход. Маўр.
•••
Задні праход — адтуліна прамой кішкі, праз якую выходзяць вонкі спаражненні.
Не даваць праходу гл. даваць.
прахо́джанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. праходзіць — прайсці.
прахо́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да прайсціся.
прахо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць.
Незак. да прайсці.
•••
Праходзіць чырвонай ніткай (ніццю) — вылучацца, падкрэслівацца ў якасці галоўнай ідэі.
прахо́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Прагулка. Добра-такі па паўдні, вяртаючыся з далёкай праходкі, Руневіч сустрэў на тратуары аднаго з землякоў. Брыль.
2. Спец. Распрацоўка горных вырабатак у пэўным напрамку. Пачалася праходка яшчэ аднаго ствала, калектыў шахцёраў павялічыўся. Кулакоўскі.
прахо́днасць, ‑і, ж.
1. Даступнасць чаго‑н. для праходу, праезду, пераправы. Праходнасць балота.
2. Спец. Здольнасць прапускаць што‑н. (пра органы чалавека ці жывёлы). Праходнасць кішак.
3. Спец. Здольнасць транспартных сродкаў пераадольваць усякія дарожныя перашкоды. Праходнасць аўтамашын.