Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прахаладжа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які прыемна асвяжае (пераважна пра напіткі). Прахаладжальныя напіткі.

прахаладзі́цца, ‑ладжуся, ‑лодзішся, ‑лодзіцца; зак.

Астыць, асвяжыцца, выйшаўшы на паветра ці выпіўшы чаго‑н. халоднага. — Адзін рабіць будзе, а другі ў цянёк пад кусты пойдзе, прахаладзіцца. Галавач.

прахаладзі́ць, ‑ладжу, ‑лодзіш, ‑лодзіць; зак., каго-што.

Ахаладзіць каго‑, што‑н., зрабіць больш халодным што‑н. — Паглядзі бо, Савета, якога квасу — душу прахаладзіць, — папрасіў [Атаманавіч]. Паўлаў. — Ты, мабыць, яго прахаладзіла, бо чаго ж бы ён асіп. Сабаленка.

прахало́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Свежасць паветра, якая выклікае прыемнае адчуванне (звычайна пасля гарачыні). У вартоўню хлынуў гулкі звон дажджу, дыхнула прахалодай і здаровай лёгкасцю. Адамчык. Пасля гарачага пяску і пылу дарогі нагам прыемна было чуць гладкі і цвёрды, як лёд, халадок току, свежую, прапахлую зямлёю і збажыною, прахалоду гумна. Мележ.

прахало́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прахаладзіцца.

2. Рабіць што‑н. марудна, павольна, не спяшаючыся; гультайнічаць. — Сваю работу лепш глядзі. Там ужо тры машыны чакаюць, а ён тут прахалоджваецца. Б. Стральцоў. Рэхва і сам абібокам не быў і сям’і прахалоджвацца не даваў. Корбан. Скажам, адбыўся ў брыгадзе сход. Рашылі ўсім мужчынам выйсці на касьбу — усе выйшлі, а Анатоль Красуцкі прахалоджваецца, спіць, пакуль сонца ў вокны не загляне. Кухараў.

прахало́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прахаладзіць.

прахало́дны, ‑ая, ‑ае.

Умерана халодны, асвяжальны. І вецер б’е ў твар — прахалодны, чысты і духмяны, як віно. Гамолка.

прахапі́цца, ‑хаплюся, ‑хопішся, ‑хопіцца; зак.

Раптоўна прачнуцца, абудзіцца. Аднойчы раніцай, калі яшчэ ўсе спалі, нехта моцна бразнуў дзвярыма. Жанчына прахапілася. Федасеенка. У тую раніцу мы трохі заспалі — заседзеліся позна. Прахапіліся нешта каля шасці — божа мілы, ужо каровы пагналі ў поле, а наша стаіць у хляве. Палтаран.

прахапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.

Прабраць, пранізаць (пра холад, вільгаць і пад.). — Вецярок вясновы, здаецца, і цёплы, а на самай справе.. адразу прахопіць. Шамякін. // безас. Праняць, прадзьмуць, выклікаўшы прастуду. Прахопіць цябе ветрам — вось табе і кашаль і розныя іншыя непрыемнасці. Матрунёнак.

прахапля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.

Незак. да прахапіцца.