Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

занемагчы́, ‑немагу, ‑няможаш, ‑няможа; пр. занямог, ‑немагла, ‑ло; зак.

Адчуць недамаганне; занядужаць, захварэць. Маці зусім занемагла. Яна неяк адразу асунулася з твару, пастарэла. С. Александровіч. Рыбак быў нязлы чалавек, але, маючы неблагое здароўе, ставіўся да хворых трохі безуважна, часам проста не мог уявіць сабе, як гэта можна прастудзіцца, занемагчы, захварэць. Быкаў.

занепада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да заняпасці.

занепакае́нне, ‑я, н.

Тое, што і занепакоенасць.

занепако́енасць, ‑і, ж.

Стан занепакоенага; трывога, непакой. Шабуня раптам апрытомнеў — у нежывым яго позірку мільганула занепакоенасць. Мележ.

занепако́ены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад занепакоіць.

2. у знач. прым. Устрывожаны, неспакойны. [Жэня] раз-пораз уставала і кідала занепакоеныя позіркі на дзверы аўдыторыі. Карпаў.

занепако́іцца, ‑коюся, ‑коішся, ‑коіцца; зак.

Пачаць непакоіцца.

занепако́іць, ‑кою, ‑коіш, ‑коіць; зак.

Пачаць непакоіць.

занерастава́ць, ‑туе; зак.

Пачаць нераставаць.

занервава́цца, ‑вуюся, ‑вуешся, ‑вуецца; зак.

Пачаць нервавацца.

зане́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. занёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; зак., каго-што.

1. Несучы, даставіць куды‑н. ці каму‑н. Занесці кнігі ў бібліятэку. □ Мужчыны занеслі ў склад апошнія мяшкі і падышлі да капітана. Краўчанка. // Хутка, мігам даставіць куды‑н.; даімчаць. Добрыя коні духам вынеслі [Міцьку] з вёскі, адчайным галопам занеслі ў кусты. Брыль. // Закінуць, заставіць апынуцца дзе‑н. Тое, што называецца ў нас творчай камандзіроўкай, занесла мяне ў адзін палескі раён. Шамякін. Вось туды, у казахскія стэпы занёс Лёс таварыша нашага даўняга — Сашку. Бураўкін. / у безас. ужыв. Куды гэта вас занесла?

2. Упісаць, запісаць куды‑н. Занесці ў пратакол. Занесці на Дошку гонару. □ Я, праўда, у даўгу вялікім перад вамі, Таварышы мае, лугі, дубровы, нівы, Што я не ўсё пра вас У летапіс занёс. Танк.

3. Падняць ці адвесці ўбок (руку, зброю і пад.) з намерам зрабіць якое‑н. дзеянне. Іван занёс руку, каб пстрыкнуць прэч [жука].., як раптам учуў ззаду крокі. Быкаў. // Змясціць куды‑н. [Алесь] лёгка занёс нагу ў стрэмя. Караткевіч.

4. Перамясціць, адвесці ў які‑н. бок. Народу было многа... [Русіновіч і Галя] ледзь уціснуліся. Потым плынь занесла іх наперад. Дамашэвіч. / у безас. ужыв. На крутым павароце зад матацыкла занесла. Б. Стральцоў.

5. Унесці, прынесці з сабою. Занесці ў дом інфекцыю.

6. Засыпаць, замесці (снегам, пяском і пад.). Страляе ў сцены сцюдзёны мароз, І вецер шалёны вые ў полі, Ўсе гурбамі снегу ён хаткі занёс. Купала. / у безас. ужыв. Дарогу занесла снегам.

•••

Куды груган касцей не занясе гл. груган.