занесці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. занёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; зак., каго-што.

1. Несучы, даставіць куды‑н. ці каму‑н. Занесці кнігі ў бібліятэку. ▪ Мужчыны занеслі ў склад апошнія мяшкі і падышлі да капітана. Краўчанка. // Хутка, мігам даставіць куды‑н.; даімчаць. Добрыя коні духам вынеслі [Міцьку] з вёскі, адчайным галопам занеслі ў кусты. Брыль. // Закінуць, заставіць апынуцца дзе‑н. Тое, што называецца ў нас творчай камандзіроўкай, занесла мяне ў адзін палескі раён. Шамякін. Вось туды, у казахскія стэпы занёс Лёс таварыша нашага даўняга — Сашку. Бураўкін. / у безас. ужыв. Куды гэта вас занесла?

2. Упісаць, запісаць куды‑н. Занесці ў пратакол. Занесці на Дошку гонару. ▪ Я, праўда, у даўгу вялікім перад вамі, Таварышы мае, лугі, дубровы, нівы, Што я не ўсё пра вас У летапіс занёс. Танк.

3. Падняць ці адвесці ўбок (руку, зброю і пад.) з намерам зрабіць якое‑н. дзеянне. Іван занёс руку, каб пстрыкнуць прэч [жука].., як раптам учуў ззаду крокі. Быкаў. // Змясціць куды‑н. [Алесь] лёгка занёс нагу ў стрэмя. Караткевіч.

4. Перамясціць, адвесці ў які‑н. бок. Народу было многа... [Русіновіч і Галя] ледзь уціснуліся. Потым плынь занесла іх наперад. Дамашэвіч. / у безас. ужыв. На крутым павароце зад матацыкла занесла. Б. Стральцоў.

5. Унесці, прынесці з сабою. Занесці ў дом інфекцыю.

6. Засыпаць, замесці (снегам, пяском і пад.). Страляе ў сцены сцюдзёны мароз, І вецер шалёны вые ў полі, Ўсе гурбамі снегу ён хаткі занёс. Купала. / у безас. ужыв. Дарогу занесла снегам.

•••

Куды груган касцей не занясе гл. груган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)