Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прафсаю́зны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прафсаюза. Прафсаюзны білет. Прафсаюзны сход.

прафтэхвучы́лішча, ‑а, н.

Прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча.

прафтэхні́чны, ‑ая, ‑ае.

Прафесіянальна-тэхнічны. Прафтэхнічная адукацыя.

прафтэхшко́ла, ‑ы, ж.

Прафесіянальнатэхнічная школа.

прафупаўнава́жаны, ‑ага, м.

Прафсаюзны ўпаўнаважаны — асоба, якая кіруе прафесіянальнай работай у невялікім калектыве членаў прафсаюза.

прах, ‑у, м.

Цела чалавека пасля смерці; труп. Яна і ехала сюды,.. каб пабачыць, дзе спачывае яе дзіця, каб пакланіцца яго праху... Сачанка.

•••

Пайсці прахам гл. пайсці.

У пух і прах гл. пух.

прахава́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Хавацца некаторы час. Прахавацца цэлы месяц.

праха́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да прайсціся.

прахадзі́ць, ‑хаджу, ‑ходзіш, ‑ходзіць; зак.

1. Хадзіць некаторы час. Паўдня прахадзілі мы дарэмна па лесе, так і не сустрэўшы ніводнага птушынага следу. Ігнаценка. Сцвярджаў я маці: — Шапка малавата, Я прахаджу і ў летняй, не бяда! Барадулін. Як пойдзеш нацянькі, дык праходзіш тры дзянькі. Прыказка.

2. што. Разм. Доўга ходзячы, страціць што‑н. Неўзабаве вярнуліся дзяўчаты. — О, ды мы, здаецца, прахадзілі свае месцы! Лужанін.

прахадны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае скразны праход, служыць для праходу. У прахадной будцы стаяў вартавы, які прыдзірліва аглядаў кожнага, хто набліжаўся да яго. Лупсякоў.

2. у знач. наз. прахадна́я, ‑ой, ж. Памяшканне пры ўваходзе на прадпрыемства, праз якое праходзяць рабочыя і служачыя. Пасля работы Алесь у прахадной сутыкнуўся з Паўлаўцом, сакратаром партбюро цэха. Шыцік. Сустрэліся мы з Уладзімірам Няхайчыкам каля прахадной у галоўны корпус. Кавалёў.

3. Які дае права або мае магчымасць прайсці па конкурсу куды‑н., увайсці ў склад каго‑, чаго‑н. [Міша:] — Семнаццаць з дваццаці набраў. Прахадны бал... А Лёня Хазанскі праваліў. Мыслівец. [Толя:] — Начальства здаволена ім амаль на дзевяноста працэнтаў, бетоншчыкі — на ўсе сто. Так што, павер мне, старому газетнаму прайдзісвету, кандыдатура прахадная ва ўсіх адносінах. Чыгрынаў.

4. Спец. Які робіць перасяленне з аднаго месца на другое (пра жывёл, птушак, рыб). Нерастуе сіг звычайна ў канцы лістапада і пачатку снежня, прычым аселы азёрны сіг адкладвае ікру на камяністых водмелях, а прахадны — на парожыстых участках рэк з галечным дном. Матрунёнак.

•••

Прахадны двор гл. двор.