Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыві́ць, прыўю, прыўеш, прыўе; прыўём, прыўяце; пр. прывіў, ‑віла, ‑ло; заг. прыві; зак., што.

Прымусіць засвоіць, надаць (якую‑н. уласцівасць, звычку і пад.). Прывіць навыкі самастойнай працы. Прывіць правільныя погляды.

прыво́д 1, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прыводзіць — прывесці (у 1 знач.).

2. Спец. Прымусовая дастаўка каго‑н. (абвінавачанага, сведкі і пад.) у выпадку адмаўлення прыйсці добраахвотна. // Арышт, затрыманне з дастаўкай у органы міліцыі або ў месца папярэдняга зняволення. Хуліган меў некалькі прыводаў.

прыво́д 2, ‑а, М ‑дзе, м.

Прылада для прывядзення ў рух якой‑н. машыны, механізма і пад. Электрычны прывод. Конны прывод. // Частка такой прылады ў выглядзе суцэльнага раменнага паса, які злучае машыну, механізм, станок і пад. з крыніцай энергіі. Дрэвы спілоўвалі і ручным спосабам і піламі з прыводам ад невялічкага маторчыка. Гарэцкі.

прыво́дзіцца, ‑дзіцца; незак.

Зал. да прыводзіць.

прыво́дзіць, ‑воджу, ‑водзіш, ‑водзіць.

Незак. да прывесці.

прыво́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

Спец. Падрыхтоўка друкарскай машыны для друкавання тыражу, якая заключаецца ў забеспячэнні правільнага размяшчэння адбітка на паперы (супадзенне палёў, радкоў на абедзвюх старонках ліста і пад.).

прыво́з, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прывозіць — прывезці.

2. Тое, што прывезена. Вялікі прывоз. □ Калісьці па гэтых блоках падымалі купцы прывоз з барж, цяпер практычныя амстэрдамцы карыстаюцца імі, каб падняць на трэці-чацвёрты паверх купленую шафу альбо ложак. Мележ.

прыво́зіцца, ‑возіцца; незак.

Зал. да прывозіць.

прыво́зіць, ‑вожу, ‑возіш, ‑возіць.

Незак. да прывезці.

прыво́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прывозіць — прывезці.

прыво́лле, ‑я, н.

1. Шырокае адкрытае месца; прастора. [Іван] чамусьці пазбыўся ўсіх сваіх ранейшых трывог і на гэтым лугавым прыволлі проста акрыяў душой. Быкаў. Пасля палявога прыволля кожная рэч ціснула на .. [Льва Раманавіча], ад дарагіх дываноў пахла пылам. Асіпенка. Сядзяць яны [Васіль і Алеся] побач на возе, Размову таемна вядуць, А коні з сяла па дарозе Прыволлем палеткаў брыдуць. Калачынскі. Гарачае сэрца На родным прыволлі, Радзіма, заўсёды Напоўню табой. Іверс.

2. перан. Адсутнасць якіх‑н. абмежаванняў; свабода, воля. [Лабановіч:] — А што? Вось бачыце. Ніякая іншая служба не дае такога прыволля. Колас.