грачы́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да грака, належыць яму. Грачыны крык. Грачынае гняздо.
грашаві́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае многа грошай або прыносіць вялікі даход. [У гарадку] жывуць.. грашавітыя людзі: баяры, княжацкія ваякі-дружыннікі, багатыры-гандляры. Багдановіч. Пасля гімназіі .. [Адам] будзе мець грашавітую службу, хутар жа будзе яго моцнай падмогай у жыцці. Чорны.
грашо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да грошай, выражаецца ў грашах. Грашовыя знакі. Грашовы даход. Грашовая рэформа.
2. Які служыць для захоўвання грошай. Грашовая скрынка.
3. Які мае многа грошай; багаты. Грашовы чалавек.
грашо́к, ‑шка, м.
Разм. Невялікі грэх (у 1, 2 знач.).
грашо́ўны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што грашавіты.
грашы́ць, грашу, грашыш і грэшыш, грашыць і грэшыць; незак.
1. Рабіць грэх (у 1 знач.). Хто спіць, той не грашыць. Прыказка.
2. супраць чаго або чым. Памыляцца, парушыць якія‑н. правілы; мець які‑н. недахоп. Грэшыць супраць праўды аўтар і тады, калі піша, як хлопчыкі знайшлі зброю ў лесе. «ЛіМ». Уся рэзалюцыя наваіскраўцаў аб часовым рэвалюцыйным урадзе грашыць тым жа грэхам, што і іх рэзалюцыя аб паўстанні. Ленін.
•••
Няма чаго богу грашыць — пра дарэмную скаргу, незадавальненне.
грашы́шчы, ‑аў; адз. няма.
Разм. Вялікая сума грошай. Такімі грашышчамі варочае. □ О то, брат, горад! от дамішчы, О то дзе сыпалі грашышчы! Колас.
грог, ‑у, м.
Моцны напітак з каньяку або рому з цукрам і гарачай вадой.
[Англ. grog.]
гро́знасць, ‑і, ж.
Уласцівасць грознага. Від.. [чырвонаармейца] быў даволі грозны, хоць гэта грознасць не зусім пасавала з яго лагоднымі шэрымі вачамі, якімі ён акінуў дзеда Талаша. Колас.
гро́зны, ‑ая, ‑ае; ‑зен, ‑зна.
1. Суровы, жорсткі ў абыходжанні з другімі. Грозны начальнік. □ Ля турэмнай брамы Грозны вартаўнік. Бядуля. Раптам з’явіўся грозны камандзір. — Што гэта? Хто вам дазволіў? Ніякіх сабак у лагеры! Няхай.
2. Які тоіць у сабе пагрозу; небяспечны, страшны. Грозная зброя. □ Фронт бліжэй і бліжэй, Грозны грукат плыве па барах. Панчанка. За грозным валам Коціць грозны вал, І пырскі — Вышай узбярэжных скал. Гілевіч.
3. Які выражае пагрозу. Грозны пагляд. Грозны голас. □ Пачуліся грозныя выкрыкі стражнікаў: «Шырэй дарогу! Шырэй! Убок! Убок!» Пестрак.