агрызну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Злосна забурчаць ці забрахаць, пагражаючы ўкусіць таго, хто закрануў (у адносінах да некаторых жывёл). Нават самы добры кот, калі хто нечакана смаргане яго за хвост, агрызнецца. Гарэцкі.
2. перан. Разм. Груба, са злосцю адказаць на чыё‑н. пытанне, заўвагу. — Ды маўчы ты, — агрызнуўся на жонку Лявон. Сабаленка. Не хацелася яму [Саньку] аддаваць сваю вушанку чужому хлапцу. Але ж гэты чорны прыстаў... Смала, а не чалавек... Ды Сідараў, пэўна, не ўмеў і агрызнуцца добра. Чыгрынаў. // Аказаць супраціўленне. Спачатку нехта ўдарыў з вінтоўкі, потым на голас вінтоўкі злосна агрызнуўся і кулямёт. Шашкоў.
агрыкульту́ра, ‑ы, ж.
Уст. Тое, што і агракультура.
агрыкульту́рны, ‑ая, ‑ае.
Уст. Тое, што і агракультурны.
агрэ́бваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да агрэбці.
агрэ́бены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад агрэбці.
агрэ́бкі, ‑аў; адз. няма.
Разм. Рэшткі сена пасля стагавання, накладвання воза і пад. — На, яшчэ на рубель пакладзі агрэбкі. Закуска ж з цябе, помні, — ускінуў Чачык некалькі ахапкаў сябру пад ногі. Пташнікаў.
агрэ́бці, аграбу, аграбеш, аграбе; аграбём, аграбяце; пр. агроб, агрэбла і аграбла; зак., што.
1. Тое, што і абгрэбці.
2. Разм. Згрэбці ўсё з якой‑н. плошчы. [Дзядзька:] — Агрэблі мы так свае соткі, зірнулі, і страх нас узяў — было поле зялёнае, а стала чорнае, толькі вяршочкі зялёныя з зямлі вытыкаюцца. Палтаран.
3. перан. Атрымаць, здабыць, захапіць што‑н. у вялікай колькасці. [Ціток:] — Каб нам з вамі папалам дзесятую долю таго, што агроб наш Іван, то мы б з вамі, пане мой, азалаціліся б. Лобан.
агрэга́т, ‑а і ‑у, М ‑гаце, м.
1. ‑а. Канструктыўнае спалучэнне ў адно цэлае некалькіх машын, апаратаў для эфектыўнай сумеснай работы. Новы матор паставілі, перагрэвы зніклі, агрэгат мог працаваць хоць і цэлыя суткі без перапынку. Кулакоўскі. // Складаная частка машыны, апарата, якая ўяўляецца як адзінае цэлае, напрыклад, рухавік аўтамабіля, каробка перадач.
2. ‑у. Сукупнасць мінералаў, якія складаюць горную пароду. Кожная калаідальная частачка прадстаўляе сабой агрэгат з сукупнасці многіх малекул. Гаркуша. // Усякае рэчыва, утворанае механічным спалучэннем аднародных або разнародных частак.
[Ад лац. aggregatus — сабраны, злучаны.]
агрэга́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае асаблівасці агрэгата (агрэгату). Агрэгатныя станкі. Агрэгатны стан рэчыва.
агрэма́н, ‑у, м.
Згода ўрада адной дзяржавы прыняць асобу, прапанаваную іншай дзяржавай у якасці яе дыпламатычнага прадстаўніка.
[Ад фр. agrément — згода.]