Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыяда́цца, ‑аецца.

Незак. да прыесціся.

прыязджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыехаць.

прыя́знасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць прыязнага. Прыязнасць адносін.

2. Сяброўскія, добразычлівыя адносіны. Пры апошніх словах Гурына Кавалёў ажывіўся і ўзняў вочы: у іх блішчалі агеньчыкі добрай хітрынкі і таварыскай цеплыні і прыязнасці. Чарнышэвіч. Алаіза адчула прыязнасць да сястры, а самой раптам зрабілася няёмка. Арабей. Здаецца, .. [Мікульскі] быў трохі мякчэйшы, але ў яго голасе не чулася прыязнасці. Марціновіч.

прыя́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Прасякнуты сяброўскімі адносінамі, дружалюбнасцю, даверам. Гутарка так і лілася, так і сакатала, і гутарка самая прыязная, поўная спачування. Колас. З гэтым хлопцам у мяне адразу ўсталяваліся прыязныя і даверлівыя адносіны. Савіцкі.

2. Добразычлівы, спагадлівы. Міхаль Ермаліцкі адразу неўзлюбіў Собіча. Ён быў наогул не вельмі прыязны да людзей і крыху закаханы ў сябе. Скрыган. Нават лаянка.. [Івана Пракопавіча], звычайна прыяцельская, прыязная, вясёлая, цяпер звініць сапраўднаю злосцю. Колас.

3. Які выказвае дружалюбнасць, добразычлівасць, прыязнасць. Чалавек глядзеў.. вясёлымі вачамі, і ўвесь яго твар .. поўніўся добрай прыязнай усмешкай. Лынькоў.

прыя́мак, ‑мка, м.

Спец. Невялікая яма, паглыбленне ў зямлі перад або пад чым‑н., прызначанае для спецыяльнай мэты (у забоі — для сцёку вады, у падвальным памяшканні перад вокнамі, якія знаходзяцца часткова або поўнасцю ніжэй узроўню зямлі, і пад.).

прыярытэ́т, ‑у, М ‑тэ́це, м.

1. Першынство ў навуковым адкрыцці, вынаходніцтве і пад. Вучоным Расіі належыць прыярытэт адкрыцця Антарктыкі. «Беларусь».

2. Пераважаючае значэнне чаго‑н. Прыярытэт агульнасаюзнага закона. □ М. Гарэцкі паслядоўна абараняў прыярытэт прыгожага пісьменства, адметнасць літаратуры як спецыфічнай формы слоўнага мастацтва. Мушынскі.

[Ням. Priorität.]

пры́яцель, ‑я, м.

Блізка знаёмы чалавек, з якім устанавіліся добрыя, прыязныя адносіны. Я нават не паверыў з першага позірку, што гэта мой даўні прыяцель і першы дарадчык па ўсіх пытаннях механізацыі, электрыфікацыі і будаўніцтва. Кулакоўскі. Пасля гэтай сумеснай працы аўтар і рэдактар сталі самымі шчырымі прыяцелямі. Хведаровіч.

пры́яцелька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Жан. да прыяцель.

пры́яцельскі, ‑ая, ‑ае.

Які ўстанавіўся, існуе паміж прыяцелямі; прыязны. Прыяцельскі тон. Прыяцельская гутарка. // Які з’яўляецца прыяцелем; таварыскі. Добрым прыяцельскім чалавекам быў адзінокі .. Цімох. Мурашка.

пры́яцельства, ‑а, н.

Таварыскія адносіны; сяброўства. Кожны з .. [настаўнікаў], у меру сваіх душэўных сіл, асаблівасцей характару, прыносіў даніну на алтар дружбы і прыяцельства, калі гаварыць высокім стылем. Колас.