прышы́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прышыць.
прышы́ўка, ‑і, ДМ ‑шыўцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прышываць — прышыць (у 1, 2 знач.).
2. Р мн. ‑шывак. Тое, што прышыта.
прышыўны́, ‑ая, ‑ое.
Які прышываецца да чаго‑н. Прышыўная манжэта. Прышыўны каўнер.
прышы́цца, ‑шыецца; зак.
Разм. Прымацавацца да чаго‑н. шыццём.
прышы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., каго-што.
1. Шыючы, прымацаваць. Прышыць гузік. □ — Не забыцца толькі прышыць бакавую кішэню ў бурносе, — думае Зося, зноў успомніўшы пра грошы. Брыль. [Тамаш:] — Што ж ты без каўняра ходзіш, скажы, няхай табе дома прышыюць. Чорны.
2. Спец. Прымацаваць, прыбіць. Прышыць рэйкі да шпалаў.
3. перан.; што каму. Разм. груб. Несправядліва, ілжыва прыпісаць што‑н., абвінаваціць у чым‑н. — Гэта была памылка, пан афіцэр. Я чалавек маленькі. Мне спрабавалі прышыць тое, чаго я не рабіў. Навуменка. [Станавому прыставу] не падабаецца, што Анцыпік учашчае да Ганны Карлаўны, і ён хоча прышыць настаўніку некаторую долю крамолы. Колас.
4. Разм. Груб. Забіць. [Валенда:] — Дзядок гэты, што тады.. Савецкую ўладу лаяў, — во хто выдаў. Не далі вы мне тады контру гэту прышыць. Асіпенка.
•••
Прышый кабыле хвост — пра каго‑, што‑н. лішняе, непатрэбнае.
прышэ́лец, ‑льца, м.
Прышлы, чужы, не тутэйшы чалавек. Тут [у Канадзе] вельмі многа былых прышэльцаў з усходняй Еўропы. Брыль. — Ого, без дакументаў! — мнагазначна сказаў малады, пільна разглядаючы пакрытыя рубцамі з яшчэ не загоенымі ранамі рукі прышэльца. Лупсякоў. Гаспадар падхапіўся, замітусіўся ля прышэльцаў. Навуменка.
прышэ́птваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
Суправаджаць якое‑н. дзеянне шэптам.
прышэ́рхлы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які зацвярдзеў, прышэрх. // Які прыстаў, прымацаваўся да чаго‑н.; прыкарэлы. [Фельчар] пінцэтам абарваў прышэрхлую да раны падушачку.
прышэ́рхнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прышэрх, ‑ла; зак.
Разм. Трохі, з паверхні зацвярдзець, падсохнуць. Гразь прышэрхла. // Падсохшы, прыстаць, прымацавацца да чаго‑н.
прышэ́сце, ‑я, н.
Кніжн. Прыход, з’яўленне.