прататы́п, ‑а, м.
Кніжн. Першавобраз, арыгінал, першапачатковы ўзор. Падобная беларуская казка магла быць адным з прататыпаў да балады [А. Міцкевіча] «Рыбка». Лойка. // Асоба, якая паслужыла аўтару арыгіналам для стварэння літаратурнага вобраза, а таксама літаратурны тып, вобраз, які паслужыў узорам для другога аўтара. У галоўнага героя «Дрыгвы» — дзеда Талаша — быў свой рэальны прататып. Гіст. бел. сав. літ. Прататыпам для гэтага вобраза паслужыў славуты, вядомы ўсяму беларускаму народу бацька Мінай. «Полымя».
[Грэч. prōtotypon.]
пратаўха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм.
1. Прабіцца наперад праз вялікі натоўп.
2. Таўхацца некаторы час.
пратаўчы́, ‑таўку, ‑таўчэш, ‑таўчэ; ‑таўчом, ‑таўчаце, ‑таўкуць; пр. пратоўк, ‑таўкла, ‑таўкло; заг. пратаўчы; зак., што.
1. Прабіць, праламаць ударамі. Лось карміўся каля стога, Піў ваду, лядок пратоўк. Лужанін.
2. Таўчы некаторы час.
пратаўчы́ся, ‑таўкуся, ‑таўчэшся, ‑таўчэцца; ‑таўчомся, ‑таўчацеся, ‑таўкуцца; пр. пратоўкся, ‑таўклася, ‑таўклося; зак.
Таўчыся некаторы час. Цэлую ноч .. [Назарчук] пратоўкся на міжгародняй і ўсё толькі для таго, каб тэлефаністка паведаміла, што і тэлефон Сініцкага абрэзаны. Сабаленка.
прата́ць, ‑ае; зак.
Растаць, утварыўшы праталіну. Навокал камлёў .. [снег] пратаў бадай што да зямлі. Кара на камлях пачарнела, нібыта абгарэла. Карпаў.
пратачы́цца, ‑тачуся, ‑точышся, ‑точыцца; зак.
Точачыся, прабрацца праз што‑н. Варта кругом — мыш не праточыцца. Карпаў.
пратачы́ць 1, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што і без дап.
1. Выканаць на такарным станку. Пратачыць паз.
2. Тачыць некаторы час. Пратачыць цэлую гадзіну.
пратачы́ць 2, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.
1. Праесці, прагрызці дзіркі, хады, канаўкі ў чым‑н. (пра чарвякоў, насякомых, грызуноў). А што як пацукі за ноч прагрызуць дзірку і праточаць грошы? Лупсякоў.
2. Прамыць дзірку ў глебе (пра цякучую ваду).
пратка́ць, ‑тку, ‑тчэш, ‑тчэ; ‑тчом, ‑тчаце, ‑ткуць; заг. пратчы; зак., што і без дап.
Ткаць некаторы час. Праткаць цэлы дзень.
праткну́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад праткнуць.
праткну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Адолеўшы перашкоды, прайсці, прарвацца праз што‑н. А тут карнікі абклалі так, што нідзе не праткнуцца, толькі вось гэты краёчак балота аставаўся яшчэ не закрыты. Быкаў.
2. Прайсці праз што‑н. наскрозь. Хоць сонца ўзнялося, Па возеры дымна: Туман — нават промню Сюды не праткнуцца. Калачынскі.
3. Быць праткнутым. Папера праткнулася. Мех праткнуўся на цвік.