Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

экспрапрыя́тар, ‑а, м.

Той, хто ажыццяўляе экспрапрыяцыю.

экспрапрыя́цыя, ‑і, ж.

1. Прымусовая канфіскацыя ў буржуазіі ўсіх сродкаў вытворчасці ў ходзе пралетарскай рэвалюцыі. І, бачачы, як цяпер ужо капіталізм невераемна затрымлівае гэтае развіццё, як многае можна было б рушыць уперад на базе сучаснай, ужо дасягнутай, тэхнікі, мы маем права з паўнейшай упэўненасцю сказаць, што экспрапрыяцыя капіталістаў непазбежна дасць гіганцкае развіццё прадукцыйных сіл чалавечага грамадства. Ленін.

2. Пазбаўленне ўласнасці і былога сацыяльная становішча аднаго класа другім. Экспрапрыяцыя экспрапрыятараў.

[Фр. exproprpiation ад лац. ex — з і proprius — уласны.]

экспро́мт, ‑а, М ‑мце, м.

1. Верш, музычны твор і пад., створаныя адразу, без папярэдняй падрыхтоўкі; прамова, трапны адказ, сказаныя без папярэдняга абдумвання. [Я. Колас] перасягаў маладзейшых і ў жартах, і ў экспромтах, і ва ўдалых тостах. Лужанін.

2. Спец. Невялікі музычны твор, напісаны ў свабоднай форме. Экспромт Рахманінава.

[Ад лац. expromptus — гатовы.]

экспро́мтам, прысл.

Адразу, нечакана, без падрыхтоўкі. Прыгаворка складвалася экспромтам, таму была не вельмі складная, але Мікалая яна даводзіла ледзь не да шаленства. Чарнышэвіч. Выступленні [А. В. Луначарскага] экспромтам па любых пытаннях праходзілі лёгка, таленавіта, цікава. «Маладосць».

экспрэ́с, ‑а, м.

Поезд, параход, аўтобус і пад., які ідзе з найбольшай скорасцю і робіць прыпынкі толькі на галоўных станцыях. Вёскі, што спакон веку жылі сярод вады і лесу, нават цяпер, у часы.. аўтобусных экспрэсаў, не развучыліся цаніць падарожжа па рацэ. Карамазаў. Пасажыры прыгараднага цягніка — публіка самая мітуслівая. Гэта не тыя салідныя грамадзяне з транзітных экспрэсаў, якія доўга ехалі і якім няма куды і за чым гнацца. Кірэенка.

[Англ. express з лац.]

экспрэсі́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць экспрэсіўнага. Экспрэсіўнасць мовы. □ Стылі паэзіі і мастацкай прозы, вызначаючыся багаццем выяўленчых сродкаў, вобразнасцю, эмацыянальнасцю і экспрэсіўнасцю, у перыяд фарміравання і развіцця нацыянальных моў атрымліваюць большую папулярнасць і вядомасць у народзе. Шакун.

экспрэсі́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які вызначаецца экспрэсіяй; выразны. Экспрэсіўная лексіка. □ Сваё слова ў мясцовых жыхароў часта вызначаецца побытавай канкрэтнасцю зместу або асаблівай экспрэсіўнай адметнасцю ад новага слова. Крывіцкі. Купалаўскі верш заўсёды хвалюе, ён напеўны, меладычны, як народная песня, і ў той жа час неспакойны, імклівы, экспрэсіўны, драматычна напружаны. Ярош.

экспрэ́сія, ‑і, ж.

Выразнасць; сіла праяўлення, выражэння якіх‑н. пачуццяў, перажыванняў і пад. На прыкладзе прыказак можна з поспехам вучыцца і экспрэсіі слова, і выразнай рыфме, і цікавай рытмічнай структуры. Шкраба. Перавядзеннем вобразаў антычнай паэзіі ў рэзкі камічны план разбіваецца ўзвышаная экспрэсія антычных назваў. «Полымя».

[Ад лац. expressio — выражэнне.]

экспрэсіяні́зм, ‑у, м.

Плынь у буржуазным мастацтве і літаратуры першай чвэрці 20 ст., прадстаўнікі якой лічылі сваёй асноўнай задачай выражэнне ўнутранага свету мастака, яго суб’ектыўных творчых перажыванняў. Гісторыя такіх буржуазных плыняў у літаратуры і мастацтве, як натуралізм, сімвалізм, экспрэсіянізм.. і іншыя «ізмы», гісторыя вузкакаставых дзівацтваў, мод, захапленняў фокусамі і г. д. маюць сваёй асновай — усведамленне бяссілля. «Беларусь».

[Фр. expressionisme.]

экспрэсіяні́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік экспрэсіянізму.