Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хапу́н, ‑а, м.

Разм.

1. Тое, што і хапуга. І ўсё, што толькі хоць якую Прыгоднасць мае і цану, Яно ўжо там не павякуе, Пяройдзе ў рукі хапуну. Колас.

2. Атрад карнікаў. У вёскі пацягнуліся паліцэйскія і нямецкія атрады праводзіць аблавы.. Гэтыя атрады называлі хапунамі. Лынькоў. Першы хапун наляцеў у Заграддзе знячэўку. Немцы ачапілі вёску, а паліцаі, падабраўшыся непрыкметна агародамі, пайшлі па хатах. Паўлаў.

хапу́ха, ‑і, ДМ ‑пусе, ж.

Разм. Жан. да хапун (у 1 знач.).

хапу́-лапу́, прысл.

Разм. Рабіць наспех. [Аленка:] — Проста ў цябе вельмі. Хапу-лапу і пад вянец. Кандрусевіч. [Крываручка:] — Мы яшчэ без абеду, ды і снеданне было хапу-лапу. Машара.

хапяну́ць,

гл. хапануць.

ха́ра, ‑ы, ж.

1. Разм. груб. Твар чалавека. Заехаць у хару.

2. Уст. Маска ў выглядзе звярынай морды або смешнай і страшнай фізіяноміі. Маскарадныя хары.

харавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да хору. Харавая культура ў рэспубліцы стаіць на вельмі высокім узроўні. «Беларусь». // Які выконваецца хорам, прызначаны для выканання хорам. Харавыя народныя песні.

2. Разм. Групавы, калектыўны. Харавое чытанне.

харакі́ры, нескл., н.

Самазабойства шляхам успорвання жывата, прынятае ў японскіх самураяў.

[Япон. hara — жывот і kiru — рэзаць.]

хара́ктар, ‑у, м.

1. Сукупнасць устойлівых псіхічных уласцівасцей чалавека, яго асабістых рыс, якія праяўляюцца ў паводзінах і дзейнасці. Мяккі характар. Цяжкі характар. □ Бязмежная адданасць справе і скромнасць шчырага працаўніка — вось дзве галоўныя рысы характару пагранічніка. Брыль. — Гануля ўмее несці крыж пакуты, — казалі пра яе людзі, дзівячыся яе трываламу характару. Гурскі.

2. Цвёрдая воля, настойлівасць у дасягненні чаго‑н. Але Барбара і рада была, што.. [Лёша] рос не такім падатлівым, ціхоняй, а быў з характарам, мог пастаяць за сябе. Грамовіч.

3. які або чаго. Адметная асаблівасці ўласцівасць, якасць чаго‑н. Заўвагі крытычнага характару. □ Цудоўная мясцовасць паміж вёскаю Купа і пасёлкам рыбгаса пачала набываць курортны характар. В. Вольскі. Па характару свайго таленту Ул. Дубоўка — лірык. Глебка.

4. У літаратуры, мастацтве — сукупнасць псіхічных асаблівасцей, што ствараюць вобраз, які мае тыповыя, абагульняючыя рысы якой‑н. групы людзей. У Коласа характар пераходзіць у мову, а мова робіцца формай раскрыцця гэтага характару. «Полымя». Сіла Барадуліна менавіта ў гэтым уменні праз трапную дэталь, жыццёвы выпадак вымаляваць характар, сацыяльны тып, паставіць праблему. «Маладосць».

•••

Камедыя характараў гл. камедыя.

Народны характар — характар, які адлюстроўвае тыповыя рысы прадстаўніка з народа.

Нацыянальны характар — характар, які выяўляе своеасаблівасць псіхічнага складу прадстаўніка пэўнай нацыі.

Тыповы характар — мастацкі вобраз, у індывідуальных рысах якога абагульнены характэрныя асаблівасці людзей пэўнага сацыяльнага асяроддзя, пакалення і пад.

Вытрымаць характар гл. вытрымаць.

З характарам хто — чалавек з вытрымкай, настойлівасцю, прынцыповасцю.

Паказваць (паказаць) характар — выяўляць (выявіць) настойлівасць у чым‑н.

[Грэч. charaktēr.]

хара́ктарнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць характарнага. У такім кірунку працаваў і Платонаў, у якога вонкавая характарнасць — не самамэта і не першааснова. Сабалеўскі.

хара́ктарны, ‑ая, ‑ае.

Які ўвасабляе пэўны псіхалагічны тып. Характарны акцёр. □ [Буйніцкі] быў тыповым акцёрам старога складу на так званыя характарныя, бытавыя ролі. «Полымя».