нія́каваты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Няёмкі. Ніякаватае становішча. □ Адышоў [Васіль ад свайго станка] з болем на душы і з такім ніякаватым адчуваннем, нібы пакінуў таварыша ў бядзе. Кулакоўскі.
нія́кі, ‑ая, ‑ае, займ. адмоўны.
1. Які б ні быў; ніводны (ужываецца ў адмоўных сказах). Нявідны не цешыў сябе ніякімі ілюзіямі. Колас. Ніякая работа, калі яна работа, не бывае марнаю. Мы не даробім, даробіць нехта. Арабей. Заімшэлыя сцены аселі, і вельмі можа быць, што ўжо гады два ніякая жывая душа тут не была. Чорны.
2. Разм. У спалучэнні з часціцай «не» ужываецца для адмаўлення якасці, уласцівасці ў значэнні: зусім не. — Ніякі я не піяніст, проста аматар музыкі, — адказаў на маё пытанне Платон Іванавіч. Пальчэўскі. Ён быў ніякі не стары, гэты балбатлівы шавец, яму, напэўна, і за сорак яшчэ не пераваліла. Васілёнак.
•••
Ніякі род гл. род.
Без нічога ніякага гл. нішто 1.
Не вытрымліваць ніякай крытыкі гл. вытрымліваць.
Ніякім чынам гл. чын.