Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прышвартава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прышвартаваць.

прышвартава́цца, ‑туецца; зак.

Стаць на прычал, замацавацца швартовамі. Ледзь параход прышвартаваўся да прычала, як на каменнай пляцоўцы на беразе сталі збірацца людзі. Мележ. Акіянскі лайнер прышвартаваўся раніцаю ў порце да самага дэбаркадэра Шэрбургскага вакзала. Лынькоў.

прышвартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

Паставіць на прычал, прымацаваць швартовамі.

прышварто́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прышвартавацца.

2. Зал. да прышвартоўваць.

прышварто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прышвартаваць.

пры́швы, ‑аў; адз. прышва, ‑ы, ж.

Пярэдняя частка ботаў, якая пакрывае пальцы і верхнюю частку ступні; галоўкі. — Гэта на зіму.. [Юрку] прышвы будуць. Без ботаў жа ён зімаваць не будзе. Чорны. — Што ж, другога выйсця, мусіць, няма, — падумаўшы, цяжка вымавіў бацька. — Халявы ў нас ёсць, зробім прышвы, справім палітон... Гурскі.

прышкандыба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Кульгаючы, з цяжкасцю прыйсці куды‑н., дайсці да чаго‑н. Разам з Міхасёвым бацькам прышкандыбаў і стары Зосім з кошыкам у руках. Хомчанка. Пакрэктваючы, зноў прышкандыбаў Дзяніс. Даніленка.

прышко́льны, ‑ая, ‑ае.

Які размяшчаецца, знаходзіцца каля школы, пры школе. Прышкольны сад. □ Другая палавіна прышкольнага ўчастка ўяўляла своеасаблівае вопытнае поле: тут быў уведзены дзевяціпольны севазварот. Шамякін.

пры́шласць, ‑і, ж.

Час, які прыйдзе за цяперашнім; падзеі будучага; будучыня. Кропля таго вялікага святла, якое цяпер напаўняе ўсё наша жыццё, свяціла нам з будучыні тады, надавала бадзёрасці і веры ў лепшую светлую прышласць. Купала. Здавалася б, у гэтай хаце, Збуцвелай, згорбленай, старой, Павінен дзед быць на палацях, Мудрэц з сялянскаю душой, Або старая варажбітка, Што прышласць можа расчытаць. Колас.

прышлёпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Разм. Шлёпаючы, прыйсці. Прышлёпаць па гразі.