прасцерагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; зак., каго-што.
1. Сцерагчы некаторы час. Прасцерагчы статак усё лета.
2. Сцерагучы каго‑, што‑н., празяваць, упусціць.
3. Перасцерагчы, папярэдзіць. [Войцік:] — Ці ж я ад цябе хаваў, у якіх мы адносінах з Луцкевічам? Ці ж ты не ведаў, што мы здаўна з ім на нажах? І як я не напомніў табе аб гэтым, чаму не прасцярог? Машара.
прасце́рці, ‑сцяру, ‑сцярэш, ‑сцярэ; ‑сцяром, ‑сцераце; пр. прасцёр, ‑сцерла; зак., што.
Разм. Тое, што і распасцерці (у 1, 3 знач.). Сягоння ўзмужалае гэта жыццё На варту пастаўлены класам, каб вораг крывавай рукі не прасцёр Над нашым прасторам і часам. Глебка. Пахілая вярба прасцёрла галлё над ціхай вадой. Краўчанка. Грыміце, салюты! Іграйце, фанфары! Дзень Міру і Славы нам руку прасцёр. А. Александровіч.
прасце́рціся, ‑сцярэцца; пр. прасцёрся, ‑сцерлася; зак.
Разм. Тое, што і распасцерціся (у 2, 3 знач.). Ён [аграном] едзе Шляхам векавым, Зямлёй зялёнай цешыцца. Раён прасцёрся перад ім, Як на далоні, свеціцца. Броўка. Неабдымная пустата прасцерлася наўкола. Гамолка. Шырокі і свабодны шлях Табе прасцёрся цераз далі... Буйло.
прасце́цкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Просты, бясхітрасны. Сяброўцы таксама было весела; асвойтаўшыся з прасцецкім, таварыскім пагранічнікам, яна дапытвалася з захапленнем і страхам: «А шпіёнаў вы лавілі?.. А якія яны?..» Мележ.
прасце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Разм. Станавіцца простым, прасцейшым.
пра́сці, праду, прадзеш, прадзе; прадзём, прадзяце, прадуць; пр. праў, прала; заг. прадзі; незак.
Скручваючы (воўну, кудзелю і пад.), рабіць ніткі. Удзень садзілася [Наста] прасці лён. Круцілася верацяно, .. ніткі тонкія выходзілі. Каваль.
прасціна́, ‑ы; мн. просціны, ‑цін; ж.
Прадмет пасцельнай бялізны — доўгі і шырокі кавалак тканіны, пераважна белай, які рассцілаецца на матрац або падкладваецца пад коўдру. Палатняная прасціна. □ Таццяна асцярожна несла дзіця, якое моўчкі прытулілася да яе і глядзела назад, дзе засталася яго маці. — На, загарні яго, — сказала адна жанчына і, выцягнуўшы з кошыка прасціну, падала яе Таццяне. Шамякін. Страшна было спаць .. на беленькіх, хатняй палатніны, таксама расшытых па краях просцінах. Караткевіч. На многіх сенніках былі ўжо засланы просціны, ляжалі падбітыя падушачкі, а самі гаспадыні прыхарошваліся. Пальчэўскі. // Доўгі і шырокі кавалак спецыяльнай тканіны, якім выціраюцца пасля купання.
прасці́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прасціны. // Прызначаны для просцін. Прасціннае палатно.
прасціра́дла, ‑а, н.
Тое, што і прасціна. Ад самай печы да процілеглай сцяны раскінуўся шырокі палок.. У галавах, як горы, высіліся ёмкія падушкі, зложаныя на дзень.. посцілкі і прасцірадлы хатняга вырабу. Колас. У паласе месячнага святла, якое падала праз акно ў пакой, было добра відаць белае, як снег, прасцірадла, якім заслалі канапу. Навуменка.