замані́ць, ‑маню, ‑маніш, ‑маніць; зак., каго-што.
1. Прыцягваючы чым‑н. увагу, заставіць прыйсці, апынуцца дзе‑н.; завабіць. Заманіць ваўка ў пастку. □ Каб як-небудзь заманіць карову ў двор, мая маці вынесла з хаты ражку лушпаек. Сачанка.
2. Прывабіць, захапіць, зачараваць. Заманілі Даніка і гэтыя высокія бярозы, і прыгожыя дарожкі вакол школы. Брыль.
зама́нлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць заманлівага; прывабнасць. Заманлівасць прапановы.
зама́нлівы, ‑ая, ‑ае.
Прывабны, спакуслівы. Там, у заманлівай глыбіні веснавога неба, і сапраўды міргаў жоўтым вокам Марс. Лупсякоў. Вельмі заманлівай была перспектыва заваяваць першынство ў дружыне. Шыловіч.
заману́цца, ‑нецца; безас. зак., з інф.
Разм. Прыйсці ў галаву, захацецца. Неяк на зімовых канікулах мне заманулася паездзіць па тых гарах, дзе раней кіпела ў снежных віхурах наша дзяцінства. Сіпакоў.
зама́ньванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. заманьваць — заманіць.
зама́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да заманіць.
за́маразкі, ‑аў; адз. замаразак, ‑зку, м.
Лёгкія марозы, звычайна ранішнія, увосень і вясной. Была другая палова кастрычніка, і раннія замаразкі высушылі гарадскія вуліцы. Шахавец. Пад раніцу ўжо браліся замаразкі, трава і лісце кустоў пакрываліся шараватым інеем. Паслядовіч.
замарачэ́нне, ‑я, н.
Разм. Зацямненне свядомасці; замарока. Даніла .. ў цяжкім замарачэнні не стрымаў сябе, упікнуў Улляну. Кулакоўскі. Усяго шэсць глыткоў, і соннае замарачэнне бясследна знікае. Асіпенка.