Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мутнава́ты, ‑ая, ‑ае.

Крыху мутны, не зусім празрысты. Камандзір.. дастаў з тумбачкі пляшку, наліў паўшклянкі мутнаватага спірту. Шамякін. Вецер прыкметна пацішэў: у мутнаватым месячным святле кружыліся шэрыя сняжынкі. М. Стральцоў.

му́тнасць, ‑і, ж.

Якасць мутнага.

мутне́ць, ‑ее; незак.

1. Рабіцца мутным. Вада мутнее. □ Пацямнела. Значна пасінеў абшар. Далі пачалі мутнець і злівацца з сінню. Бядуля. Ноч паступова згушчалася, мутнела, на кукурузныя лісты клалася халаднаватая раса. Кулакоўскі.

2. перан. Станавіцца няясным, невыразным; зацямняцца (аб розуме, памяці). Урэшце пачала мутнець памяць. Дні блыталіся з начамі. Лупсякоў. Цікавасць перамешвалася ў мяне са страхам, ад якога мутнела ў галаве. Карпюк.

му́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Непразрысты, нячысты, змешаны з дробнымі часцінкамі чаго‑н.; каламутны (пра вадкасці). Паплыло ў кабінет волкае паветра дажджлівага лістападаўскага дня.. Па шыбах паўзлі мутныя кроплі. М. Ткачоў. Па вуліцы шалёна несліся патокі мутнай вады, змываючы ўсё, што ні пападалася на іх шляху. Васілевіч.

2. Пацямнелы, затуманены (аб бліскучых ці празрыстых прадметах). На покуце, перад вялікімі абразамі гарэла лампадка. Яе агеньчык адбіваўся ў мутных сярэбраных аправах. Хомчанка. Сляпыя вокны анямела Глядзяць на двор, на курганок, Ужо другі дзень вечарамі У іх не свеціцца лучнік, І толькі ў мутным шкле часамі Ад[а]б’ецца месяц-чараўнік. Колас. / Пра вочы, позірк. Дзед Купрыян прысеў на палатках і падняў на Васіля свае мутныя старэчыя вочы. Колас.

3. Зямліста-шэры, ахутаны імглою, туманам; туманны. [Неба] было нізкае, па-асенняму мутнае, халоднае і нічога, акрамя дажджу, не абяцала. Сачанка. Воз пакідаў за сабой лёгкі белаваты пыл, які хутка разыходзіўся па баках мутным туманам. Бядуля. // Няясны (пра святло). [Разведчыкі] спыніліся ў мутным святле з вялікага акна. Брыль.

4. перан. Разм. Недастаткова выразны, зразумелы, абгрунтаваны. Трэба заўважыць, што кожнае выступленне Фабрэгата працягвалася гадзінамі, і ў мутнай плыні слоў няцяжка было прыкмеціць загадзя абдуманае спаўзанне «радыкальнага» прафесара-дыпламата з адной пазіцыі на другую. Новікаў.

му́фель, ‑я, м.

Спец. Вогнетрывалая танкасценная камера ў спецыялізаваных печах, якая засцерагае керамічныя, фарфоравыя і інш. вырабы пры награванні, абпальванні ад непасрэднага ўздзеяння агню, газу, сажы.

[Ням. Muffel.]

му́фельны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да муфеля. Муфельнае абпальванне.

муфло́н, ‑а, м.

Дзікі горны баран сямейства пустарогіх, які звычайна сустракаецца на астравах Міжземнага мора.

[Фр. moufflon ад іт. muffolo.]

му́фта, ‑ы, ДМ ‑фце, ж.

1. Прыналежнасць жаночай вопраткі, род адкрытага з двух бакоў цёплага мяшочка для сагравання рук. Ідучы, .. [Рыма] не размахвала рукамі, як гэта рабіў.. [Міхась], а ўвесь час трымала іх у муфце. Лупсякоў.

2. Спец. Прыстасаванне, якое служыць для злучэння канцоў труб, валаў, стальных канатаў і пад. Жалезная муфта. Гумавая муфта. Муфта счаплення.

[Ад ням. Muffe.]

му́фтавы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да муфты (у 2 знач.).

му́фтачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да муфта (у 1 знач.).

2. Спец. Тое, што і муфта (у 2 знач.); невялікая муфта.