энергеты́зм, ‑у, м.
Ідэалістычная плынь у буржуазнай філасофіі і прыродазнаўстве канца 19 — пачатку 20 стст., якая зводзіць усе з’явы прыроды і духоўнага свету да відазмяненняў энергіі, пазбаўленай матэрыяльнай асновы.
энерге́тык, ‑а, м.
Спецыяліст у галіне энергетыкі (у 1 знач.). // Працаўнік энергетычнай прамысловасці. Энергетыкі ў спешным парадку навешвалі на мачты правады высакавольтавай лініі. Паслядовіч.
энерге́тыка, ‑і, ДМ ‑тыпы, ж.
1. Галіна народнай гаспадаркі, якая ўключае энергетычныя рэсурсы, выпрацоўку, пераўтварэнне, перадачу і выкарыстанне розных відаў энергіі. Развіццё энергетыкі. □ Разам з моладдзю іншых нацыянальнасцей юнакі і дзяўчаты нашай рэспублікі актыўна працуюць на будоўлях важнейшых прадпрыемстваў прамысловасці і энергетыкі краіны. «Маладосць». // Галіна тэхнікі, якая занята выпрацоўкай, пераўтварэннем, перадачай, размеркаваннем і выкарыстаннем энергіі ў розных яе формах. Энергетыка сельскай гаспадаркі. Энергетыка прамысловасці. // Вучэнне аб выкарыстанні ў народнай гаспадарцы розных відаў энергіі. Курс энергетыкі. // Тэхнічнае аснашчэнне, якое выкарыстоўваецца для выпрацоўкі, пераўтварэння, перадачы, размеркавання і выкарыстання энергіі ў розных яе формах. Перасоўная энергетыка.
2. Спец. Прынцып дзеяння, механізм чаго‑н. Энергетыка клеткі.
•••
Ядзерная энергетыка — а) галіна энергетыкі, якая выкарыстоўвае ядзерную энергію для электрыфікацыі і цеплафікацыі; б) галіна навукі і тэхнікі, якая распрацоўвае метады і сродкі пераўтварэння ядзернай энергіі ў электрычную і цеплавую.
энергеты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Звязаны з энергетыкай, з атрыманнем і выкарыстаннем энергіі. Энергетычныя крыніцы. Энергетычныя рэсурсы. // Прызначаны для атрымання якой‑н. энергіі. Энергетычнае паліва. Энергетычны вугаль.
2. Які мае адносіны да энергіі (у 1 знач.). Энергетычная база сельскай гаспадаркі.
энергі́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан энергічнага. У канторы МТС Аляксей застаў галоўнага механіка Баранава, і той праявіў неўласцівыя яму энергічнасць і заклапочанасць. Шамякін.
энергі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Поўны энергіі (у 2 знач.); дзейны, актыўны. Прафесар глядзеў на студэнтаў і радаваўся, што гэтыя маладыя, шчаслівыя, энергічныя людзі панясуць яго веды ва ўсе канцы Радзімы. Дуброўскі. Сцяпан Фёдаравіч выявіў сябе спрытным камандзірам і энергічным чалавекам. Мележ. // Які выражае актыўнасць, дзейную сілу. Барады ў старшыні няма і вусы выйшлі слаба, але твар энергічны і досыць прыгожы. Колас. // Прасякнуты сілай, энергіяй. Валатовіч энергічным рухам адсунуў ад сябе попельніцу, паперы. Шамякін. Яшчэ да таго, як паступіў у спартыўную школу, не раз, сустрэўшы на вуліцы, я захапляўся .. фігурай [Левандоўскага], даведзенай да дасканалай сіметрыі і прапорцыі. Таксама кідаліся ў вочы яго энергічная хада і добрыя манеры. Карпюк.
2. Рашучы, настойлівы. У адзін міг, відаць, па трапнаму загаду Адамчука, энергічным кідком рушыла наперад першае аддзяленне. Кулакоўскі.
эне́ргія, ‑і, ж.
1. Адна з асноўных уласцівасцей матэрыі — агульная колькасная мера руху і ўзаемадзеяння ўсіх яе відаў. Закон захавання энергіі. □ Дзяленне ядзер урану суправаджаецца выдзяленнем вялікай колькасці энергіі. «Маладосць». // Здольнасць якога‑н. цела, рэчыва і пад. выконваць якую‑н. работу або быць крыніцай той сілы, якая можа выконваць работу. Шмат часу забірала .. вырашэнне такіх пытанняў, як выкарыстанне энергіі марскіх прыліваў і адліваў або атрыманне яе з арктычнага холаду. Шахавец. Невядомых скарбаў і энергій у прыродзе вельмі многа. Бядуля. // Разм. Электрычны ток. Свая электрастанцыя давала энергію. Гурскі.
2. Дзейная сіла, спалучаная з настойлівасцю ў дасягненні пастаўленай мэты. Усе гэтыя дні Сузан хадзіў вясёлы і ўзрушаны. Ён праявіў нават пэўную энергію і заклапочанасць. Лынькоў. — Аса! аса! — дружна крычалі студэнты, пляскаючы ў далоні і захапляючыся хараством і нястрымнай энергіяй дзяўчыны. Дуброўскі. Многа трэба было энергіі і старання, каб кожная група была зацікаўлена ў сваёй рабоце, каб увесь час трымаць школу на вышыні таго ці іншага настрою. Колас.
•••
Ядзерная (атамная) энергія — унутраная энергія атамнага ядра, якая вылучаецца пры ядзерных рэакцыях.
[Ад грэч. enérgeia — дзеянне, дзейнасць.]