Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

экзаменава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад экзаменаваць.

экзаменава́цца, ‑нуюся, ‑нуешся, ‑нуецца; незак.

1. Здаваць экзамен. Экзаменуецца вучань трэцяе групы Іван Ванька. Ён з указкаю стаіць каля карты. Колас.

2. Зал. да экзаменаваць.

экзаменава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., каго-што.

Правяраць веды па якім‑н. вучэбным прадмеце. [Ірына] спрабуе пажартаваць: — Вы мяне быццам экзаменуеце. А я ўсе экзамены здала, Платон Назаравіч. Шамякін. Прафесар, які гатоў быў ісці, безнадзейна махае рукой і зноў садзіцца ў сваё крэсла. Такіх музыкантаў яму яшчэ не даводзілася экзаменаваць. Вітка. // Разм. Падрабязна распытваць, дапытвацца пра што‑н. Кожную нядзелю Гена экзаменуе мяне. Пры цётцы Куліне ён наўмысля мяне хваліць, кажа, што ў школе я быў бы ўдарнікам вучобы. Жычка. Слухаю, — а той [Вейс] Зінчанку строга так экзаменуе. Шынклер. // Правяраць на трываласць, надзейнасць. Тэхніку экзаменуе ўраджай. «Звязда».

экзамена́тар, ‑а, м.

Той, хто прымае экзамен, ацэньвае веды тых, хто яго здае. Асабліва радавала яго [Лабановіча] тая акалічнасць, што экзаменатарам назначаўся не інспектар народных вучылішч, сухі і бяздушны чынуша, а выкладчык, які ў свой час быў таксама настаўнікам пачатковай школы. Колас. Вазьміце білецік, — ледзь кіўнуў галавой строгі, з рудой бародкай экзаменатар. Аношкін.

экзамена́тарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да экзаменатара. Экзаменатарскі подпіс. Экзаменатарскі стол.

экзаменацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які звязаны з экзаменамі, прызначаны для экзаменаў. Экзаменацыйная камісія. □ Дзяўчына спачатку глядзела на адзнакі ў Клавіным. атэстаце, потым даведкі перагарнула і спынілася на экзаменацыйным лістку. Кавалёў. Мне здавалася нават, што ён [экзаменатар] рыхтаваўся паставіць добрую ацэнку, бо ўсё нешта шукаў маё прозвішча ў экзаменацыйным журнале. Хведаровіч.

экза́рх, ‑а, м.

Гіст.

1. Галава жрацоў пры храме ў старажытнай Грэцыі.

2. Гіст. Намеснік імператара ў якой‑н. вобласці Візантыйскай імперыі.

3. У праваслаўнай царкве — галава асобнай царкоўнай вобласці ці самастойнай царквы.

[Грэч. éxarchos — галава, начальнік, намеснік.]

экзарха́т, ‑а, М ‑хаце, м.

Гіст. Вобласць, на якую распаўсюджваецца ўлада экзарха.

экзаты́зм, ‑у, м.

Тое, што і экзотыка.

экзаты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць экзатычнага. Экзатычнасць прыроды. Экзатычнасць касцюма.