экано́м, ‑а, м.
1. Уст. Беражлівы, гаспадарлівы чалавек.
2. Загадчык гаспадаркі.
эканом...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «эканамічны», напрыклад: эканомпалітыка, эканомсавет, эканомсектар.
экано́міка, ‑і, ДМ ‑міцы, ж.
1. Сукупнасць вытворчых адносін пэўнага грамадскага ладу, якія адпавядаюць развіццю прадукцыйных сіл грамадства. Эканоміка сацыялізма.
2. Стан народнай гаспадаркі, гаспадарчае жыццё (краіны, раёна і пад.). Эканоміка Беларусі. Эканоміка Поўначы. □ За мінулыя гады працоўны народ брацкай краіны дабіўся выдатных поспехаў у развіцці эканомікі, культуры, навукі, аховы здароўя, адукацыі і сацыяльнага забеспячэння. «Звязда». // Структура і фінансава-матэрыяльны стан якой‑н. галіны гаспадарчай дзейнасці. Эканоміка прамысловасць Эканоміка транспарту. □ Вясной.. [Васіль] прапанаваў калгаснікам мерапрыемствы, якія павінны былі хутка ўзняць эканоміку калгаса. Шамякін.
3. Навуковая дысцыпліна, аб’ектам вывучэння якой з’яўляецца фінансава-матэрыяльны бок якой‑н. гаспадарчай дзейнасці. Эканоміка вінаградарства. Эканоміка бульбаводства.
[Ад грэч. oikonomiké — майстэрства вядзення хатняй гаспадаркі.]
экано́міцца, ‑міцца; незак.
1. Зберагацца, заставацца нявыкарыстаным. І Васіль сам спраўляецца з работай, без учотчыка: няхай эканомяцца працадні. Палтаран.
2. Зал. да эканоміць (у 1 знач.).
экано́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.
1. што. Разумна расходаваць, эканомна выкарыстоўваць. Святлану на ўсіх сходах у прыклад ставілі — што і рабіць стараецца, нормы перавыконвае, гаруча-змазачныя матэрыялы эканоміць. Місько. Сувязь абарвалася. Павел яшчэ раз праверыў кірунак, адзначыў месца, дзе застаўся карабель, і выключыў ліхтар. Трэба было эканоміць электраэнергію. Шыцік. // Выкарыстоўваць найбольш мэтанакіравана, ашчадна. Эканоміць кожную мінуту рабочага часу. □ Быў аддадзены загад дыверсійным групам эканоміць тол. Усе адчувалі — рыхтуецца нейкая вялікая аперацыя. Дзенісевіч.
2. Максімальна скарачаць выдаткі. Эканоміць на матэрыялах. □ Білеты былі вельмі дарагія і пасля прыходзілася моцна эканоміць, сядзець на хлебе і вадзе. Арабей.
экано́мія, ‑і, ж.
1. Ашчаднасць, беражлівасць пры расходаванні чаго‑н. Вялікая ўвага ўдзяляецца на заводзе эканоміі матэрыялаў. «Звязда». Разам з камуністамі, усімі працоўнымі камсамольцы і моладзь рэспублікі актыўна працуюць на буйнейшых новабудоўлях, з вялікай упартасцю змагаюцца за тэхнічны прагрэс і павышэнне прадукцыйнасці працы, за паляпшэнне якасці прадукцыі і зніжэнне яе сабекошту, эканомію і беражлівасць, укараненне ў вытворчасць дасягненняў навукі і перадавога вопыту, за далейшы рост сельскагаспадарчай вытворчасці і павышэнне дабрабыту і культурнага ўзроўню працоўных. Машэраў. // Выгада, атрыманая ў выніку такой беражлівасці, ашчаднасці. — Гледзячы, што вас цікавіць, — глыбакадумна пачаў Анатоль. — Скажам, разец «зорачка» маёй канструкцыі дае эканомію часу да дзесяці хвілін у гадзіну. Ваданосаў. За год унесена больш за тры тысячы рацыяналізатарскіх прапаноў, якія далі заводу шэсць мільёнаў эканоміі... Карпаў.
2. Уст. Тое, што і эканоміка (у 1, 2 знач.). І тут Маркс бярэ не індывідуальную, а масавую з’яву, не дробную часцінку эканоміі грамадства, а ўсю гэтую эканомію ў сукупнасці. Ленін.
3. Уст. Памешчыцкая гаспадарка капіталістычнага тыпу. Крыху пазней.. [горад Слонім] стаў каралеўскай эканоміяй, тут жыў каралеўскі намеснік. «Помнікі». // Разм. Кантора, сядзіба гаспадаркі. Падпаліўшы эканомію, палонныя салдаты ўцякаюць на радзіму, каб тут па ленінскаму закліку ладзіць новае жыццё. Бугаёў.
4. У дарэвалюцыйнай Расіі — назва некаторых дзяржаўных устаноў, якія ведалі гаспадарчымі справамі. Дэпартамент Дзяржаўнай эканоміі.
5. Навука, якая вывучае грамадскія адносіны вытворчасці і размеркавання на розных ступенях развіцця грамадства.
•••
Палітычная эканомія — навука аб развіцці грамадскае вытворчасці і адносінах людзей у працэсе вытворчасці.
[Ад грэч. oikonomia — кіраванне гаспадаркай.]
экано́мнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць эканомнага. Старасці ўласціва гэта дбанне аб парадку, аб драбязлівай эканомнасці, ад гэтага старыя людзі бываюць часта бурклівымі. Колас. Па эканомнасці стральбы ён [Андрэй] адчуваў, што тут недзе свае, аднак заўважыць нікога не мог. Кулакоўскі.
экано́мнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Быць празмерна эканомным, прытрымлівацца строгай эканоміі; скупіцца.
экано́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Які прытрымліваецца эканоміі (у 1 знач.), беражліва, ашчадна расходуе што‑н. Колішнія невядомыя жыхары Плутона, відаць, былі эканомныя і не раскідваліся сваімі рэчамі. Шыцік. // перан. Дакладна разлічаны, скупы. Рухі ў .. [Цімкі] былі ўпэўненыя, эканомныя, стрыманыя. Карпаў. // Стрыманы, умераны ў праяўленні чаго‑н. Эканомны ў словах і ўчынках.
2. Які патрабуе меншых затрат, дазваляе абыходзіцца меншай колькасцю чаго‑н.; эканамічны. Мастацкая дэталь — гэта найбольш эканомны сродак раскрыцця думак. «Маладосць».
экасе́з, ‑а, м.
Шатландскі народны танец тыпу кадрылі, а таксама музыка да гэтага танца.
[Фр. écossaise — ад écossais — шатландскі.]