Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чыта́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Кніжка, часцей падручнік, які змяшчае невялікія тэксты, творы ці ўрыўкі з твораў, для практыкавання ў чытанні, набыцця навыкаў у чытанні; хрэстаматыя. Характэрна, што большая частка.. баек [Коласа] напісана для дзяцей, прынамсі паэт меркаваў змясціць іх у дзіцячай чытанцы. Казека. Настаўніца бярэ беларускую чытанку «Родны край». Брыль.

чыта́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. чытаць.

2. звычайна мн. (чыта́нні, ‑яў). Цыкл лекцый ці дакладаў, прысвечаных пэўнаму колу пытанняў. Ленінскія чытанні. Педагагічныя чытанні. Купалаўскія чытанні.

•••

Літаратурнае чытанне — калектыўнае чытанне мастацкіх твораў з мэтай абмеркавання.

чы́таны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад чытаць.

2. у знач. наз. чы́танае, ‑ага, н. Тое, што чыталі, прачыталі. Настаўнік чытаў учора газеты, і чытанае не выходзіць у Міхалкі з галавы. Бядуля.

чыта́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да чытача. Канстанцін Міхайлавіч успамінае аб тым, што прыходзяць запрашэнні на чытацкія канферэнцыі па трылогіі. Лужанін.

чыта́цца, ‑аецца; незак.

1. Гучаць, перадавацца пры чытанні (пра літары). У польскай мове спалучэнні літар «sz» чытаецца як «ш».

2. безас. Пра наяўнасць жадання ці магчымасці чытаць. [Шура] абы што гаварыла з Зосяю, гартала газету, нібы прабавала чытаць, але ёй не чыталася. Крапіва.

3. Паддавацца чытанню; быць чытабельным. З цікавасцю чытаюцца старонкі і аб арганізацыі і ўмовах працы «Звязды» ў падполлі. «Полымя».

4. перан. Распазнавацца, угадвацца па якіх‑н. прыкметах. У .. [карцінах] чыталася эпоха і лёс народа, як у Рэпіна, Сурыкава ці Сярова; або хвалявала да болю знаёмая і толькі цяпер убачаная спрадвечная краса нашай прыроды, як у Левітана. Скрыган.

5. Зал. да чытаць.

чыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. і без дап. Успрымаць вачамі што‑н. напісанае, надрукаванае літарамі ці іншымі друкаванымі знакамі; вымаўляць для тых, хто слухае, што‑н. напісанае, надрукаванае. Чытаць пісьмо. Чытаць кнігу. Чытаць усю ноч. □ Віктар Сяргеевіч чытаў свежую вячэрнюю газету. Гамолка. // без дап. Умець успрымаць, разумець што‑н. надрукаванае, напісанае. Што навука трэба мужчынам (а навуку стараста разумеў, як уменне чытаць, пісанне ж — ліха яго бяры: без яго можна абысціся лягчэй!), стараста не спрачаўся. Колас. // і без дап. Знаёміцца з якім‑н. творам, аўтарам і пад.; атрымліваць звесткі з кніг, часопісаў і інш. Чыталі мсціўцы Пушкіна радкі. Аўрамчык. Потым Віктар чытаў Ясеніна. Шамякін. Пра зуброў чытаў і чуў я многа, толькі вось убачыць бы іх дзе. А. Вольскі.

2. Ведаць, разумець, разбірацца ў якіх‑н. абазначэннях, знаках. Туравец стаў з цікавасцю «чытаць».. [карту]. Мележ. Алег хутка авалодаў фрэзернай справай, навучыўся чытаць чарцяжы. «Беларусь».

3. перан.; і без дап. Па знешніх прыкметах угадваць, разумець унутраны сэнс, перажыванні і пад. Чытаць сляды. Чытаць чужыя думкі. □ Жыццё [Аўгінні] можна было чытаць па яе руках — найлепшы жыццяпіс працоўных людзей. Бядуля. [Назарэўскі] меў багатую практыку бачыць людзей навылёт, чытаць на іх тварах. Чорны. У гэтых блясках [пажараў] чыталі.. [Бусыга і яго прыяцелі] засцярогу сабе і свой уласны прысуд. Колас.

4. Пераказваць які‑н. тэкст напамяць, дэкламаваць. Чытаць вершы з эстрады.

5. Паведамляць у вуснай форме змест чаго‑н., якія‑н. звесткі. Тарашкевіч чытаў слухачом настаўніцкіх курсаў скарочаны практычны курс беларускай граматыкі. Ліс. Нейкі час я стаяў, як утрапёны, потым абліў галаву халоднай вадой і, не піўшы чаю, пайшоў чытаць лекцыю. Дуброўскі. // і без дап. Выкладаць у вну. Ён два гады чытаў у інстытуце.

•••

Чытаць мараль (натацыі, павучанні) — гаварыць з кім‑н. строгім тонам, робячы вымову, дакараючы за што‑н.

Чытаць паміж радкоў — здагадвацца пра скрыты сэнс напісанага.

Чытаць у вачах — бачыць, разумець унутраны стан каго‑н. (па выразу вачэй).

чыта́ч, ‑а, м.

1. Той, хто чытае якія‑н. творы, да каго звернуты творы пісьменнасці. Мова і стыль — гэта тыя формы, у якіх падаецца чытачу думка твора. Чорны. «А дні ідуць» — кніга, высока ацэненая друкам і па заслугах прынятая чытачом. «Полымя».

2. Наведвальнік, абанент грамадскай бібліятэкі, чытальні. Звыш дзевяці тысяч чытачоў абслугоўвае Мінская бібліятэка № 10. «ЛіМ».

чыта́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Жан. да чытач.

чы́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. чытаць (у 1, 2 знач.).

2. Чытанне ўголас чаго‑н. Даклад аб жыцці і творчасці Сяргея Ясеніна зрабіў адзін з крытыкаў.. Пасля даклада пачалася чытка вершаў. Хведаровіч. Аграном прыступіў да чыткі і абмеркавання прыкладнага статута сельгасарцелі. Брыль.

3. Чытанне акцёрамі п’есы па ролях (від рэпетыцыі). Чытка п’есы. □ Чыткі ў нас часта ператвараліся ў практыкаванні па акцёрскай распрацоўцы характараў герояў рамана ці аповесці. Рамановіч.

чытэ́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць чытэльнага. Чытэльнасць почырку.