чыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
1. і без дап. Успрымаць вачамі што‑н. напісанае, надрукаванае літарамі ці іншымі друкаванымі знакамі; вымаўляць для тых, хто слухае, што‑н. напісанае, надрукаванае. Чытаць пісьмо. Чытаць кнігу. Чытаць усю ноч. □ Віктар Сяргеевіч чытаў свежую вячэрнюю газету. Гамолка. // без дап. Умець успрымаць, разумець што‑н. надрукаванае, напісанае. Што навука трэба мужчынам (а навуку стараста разумеў, як уменне чытаць, пісанне ж — ліха яго бяры: без яго можна абысціся лягчэй!), стараста не спрачаўся. Колас. // і без дап. Знаёміцца з якім‑н. творам, аўтарам і пад.; атрымліваць звесткі з кніг, часопісаў і інш. Чыталі мсціўцы Пушкіна радкі. Аўрамчык. Потым Віктар чытаў Ясеніна. Шамякін. Пра зуброў чытаў і чуў я многа, толькі вось убачыць бы іх дзе. А. Вольскі.
2. Ведаць, разумець, разбірацца ў якіх‑н. абазначэннях, знаках. Туравец стаў з цікавасцю «чытаць».. [карту]. Мележ. Алег хутка авалодаў фрэзернай справай, навучыўся чытаць чарцяжы. «Беларусь».
3. перан.; і без дап. Па знешніх прыкметах угадваць, разумець унутраны сэнс, перажыванні і пад. Чытаць сляды. Чытаць чужыя думкі. □ Жыццё [Аўгінні] можна было чытаць па яе руках — найлепшы жыццяпіс працоўных людзей. Бядуля. [Назарэўскі] меў багатую практыку бачыць людзей навылёт, чытаць на іх тварах. Чорны. У гэтых блясках [пажараў] чыталі.. [Бусыга і яго прыяцелі] засцярогу сабе і свой уласны прысуд. Колас.
4. Пераказваць які‑н. тэкст напамяць, дэкламаваць. Чытаць вершы з эстрады.
5. Паведамляць у вуснай форме змест чаго‑н., якія‑н. звесткі. Тарашкевіч чытаў слухачом настаўніцкіх курсаў скарочаны практычны курс беларускай граматыкі. Ліс. Нейкі час я стаяў, як утрапёны, потым абліў галаву халоднай вадой і, не піўшы чаю, пайшоў чытаць лекцыю. Дуброўскі. // і без дап. Выкладаць у вну. Ён два гады чытаў у інстытуце.
•••
Чытаць мараль (натацыі, павучанні) — гаварыць з кім‑н. строгім тонам, робячы вымову, дакараючы за што‑н.
Чытаць паміж радкоў — здагадвацца пра скрыты сэнс напісанага.
Чытаць у вачах — бачыць, разумець унутраны стан каго‑н. (па выразу вачэй).