чы́ннік, ‑а, м.
Кніжн. Фактар. [Праца] зрабілася магутным чыннікам у пабудове вышэйшага грамадскага ладу — сацыялізма. «Беларусь».
чы́нны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн.
1. Дзейсны, актыўны; непасрэдны. Ігнат быў камсамольцам. Ён браў чынны ўдзел ва ўсім камсамольскім жыцці. Лынькоў. Самы чынны ўдзел браў я ў рабоце школьнага літгуртка. Мележ.
2. Прасякнуты важнасцю, саліднасцю. Стараліся быць мужчынамі. Начлег нам здаваўся казкай. І з выглядам самым чынным Насілі вайсковыя каскі. Маркевіч.
чыно́ўнік, ‑а, м.
1. У дарэвалюцыйнай Расіі і буржуазных краінах — дзяржаўны служачы. Я падаў чыноўніку свой дакумент — чорную кніжку з гербам Савецкага Саюза на вокладцы і залацістымі літарамі: «Службовы пашпарт». Новікаў.
2. перан. Асоба, служачы, які выконвае сваю работу фармальна, раўнадушна, без жывога інтарэсу, строга па інструкцыі. [Ладынін:] — Малады чалавек, а такі... чыноўнік. Нічога яго не хвалюе, не радуе. Шамякін.
чыно́ўніца, ‑ы, ж.
Жонка чыноўніка (у 1 знач.).
чыно́ўніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чыноўніка, чыноўніцтва. На тым, што гуляў фігуркамі, быў сціплы чыноўніцкі сурдут: ён служыў на чыгунцы і нават з аблічча быў тыповы служачы — ціхі, сціплы, светлавалосы, з трохі вінаватай усмешкаю. Караткевіч. Выступленне [Яўгеніі Васільеўны], можа, і прагучала крыху дзіўна для тых, хто прывык да чыноўніцкай сухасці і цвілі, ад якіх вяне лісце. Хадановіч.
чыно́ўніцтва, ‑а, н., зб.
1. Чыноўнікі. Гарадское чыноўніцтва.
2. перан. Бюракратычна-фармальныя адносіны да сваёй працы, раўнадушныя адносіны да людзей. Адкуль у яго тое чыноўніцтва.
чыно́ўны, ‑ая, ‑ае.
Уст.
1. Які мае які‑н. чын або служыць на дзяржаўнай службе. У нашым пасёлку жылі пенсіянеры-чыгуначнікі і іншы чыноўны люд, выгнаны імперыялістычнай вайной з заходніх раёнаў і іншых далёкіх мясцін. Навуменка.
2. Які мае адносіны да чыноўніка (у 1 знач.). Да 1905 года легальны друк у Расіі цалкам залежаў ад чыноўнай бюракратыі. «Полымя».
чыну́ша, ‑ы, м.
Разм. пагард. Чыноўнік, бюракрат. Асабліва радавала.. [Лабановіча] тая акалічнасць, што зкзаменатарам назначаўся не інспектар народных вучылішч, сухі і бяздушны чынуша, а выкладчык, які ў свой час быў таксама настаўнікам пачатковай школы. Колас.
чынш, ‑у, м.
Гіст. У феадальнай Еўропе — рэгулярныя натуральныя і грашовыя плацяжы зямельнаму ўласніку за карыстанне зямлёй. // На Беларусі і ў Літве ў 15–19 стст. — грашовы аброк. Селяніна на сувязь з рынкам штурхала перш за ўсё неабходнасць уплаты грашовага чыншу і выканання іншых павіннасцей, якія ўсё часцей замяняліся грашовым эквівалентам. «Весці». — Чынш да падатку не належыць, — уставіў слова паспакайнелы Сяргей. Чорны.
[Польск. czynsz ад лац. census — перапіс.]
чыншаві́к, ‑а, м.
Гіст.
1. У феадальнай Еўропе — селянін, які карыстаўся спадчыннай зямлёй часова або бестэрмінова, за што плаціў чынш.
2. На Беларусі і ў Літве 15–19 стст. — селянін, асноўнай формай павіннасці якога быў грашовы аброк, чынш.