целяпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чым.
Разм. Матляць чым‑н. Целяпаць нагамі. □ [Каза] паважна ківала тупым клінам рудаватай барады, целяпала кароткім хвастом. Кудравец.
целяпе́нь, ‑пня, м.
Разм. Нязграбны, нехлямяжы чалавек. Хіба ж мала ў горадзе хлопцаў? Ды і не такіх, як я, целяпнёў, а хлопцаў — адарві ды падай. Сабаленка.
целяпну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да целяпаць.
це́мень, ‑і, ж.
Густая цемната (у 1 знач.). У прамежках між хатамі, дзе не свецяць вокны, цемень, як дзёгаць. Навуменка. Твар.. [жанчыны] у цемені цяжка было разглядзець. Колас. // чаго. Цёмная, дрэнна асветленая прастора. [Астаповіч] адамкнуў млын, і ўвайшоў у цемень гэтых сцен, так добра яму знаёмых за многа год. Чорны.
це́мечка, ‑а, н.
Разм. Памянш.-ласк. да цемя.
цемна... (гл. цёмна...).
Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «цёмна...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: цемнабровы, цемнатвары, цемнагрывы.
цемнава́та,
1. Прысл. да цемнаваты.
2. безас. у знач. вык. Пра няпоўную цемнату дзе‑н. У гумне было досыць свежа і цемнавата, хоць з-пад шчыта сюды ўрываліся косы вясенняга сонца, а праз няшчыльна зложаныя сцены свіцілася яснае неба. Колас. У хаце было цемнавата. Асіпенка.
цемнава́ты, ‑ая, ‑ае.
Няпоўнасцю, не зусім цёмны (у 1, 2 знач.). За дзвярыма, на шырокім і ўжо цемнаватым калідоры, на хаду дзяўчына выняла з кішэнькі фартуха хустачку і прылажыла яе, раз і другі, да вачэй. Брыль. Доўга я глядзеў на цемнаваты абадок вакол ствала на бярозе, мацаў яго рукамі. Мыслівец.