Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

улі́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Спец. Частка ўнутранага вуха, дзе знаходзіцца гукаўспрымальны апарат.

улі́ткавы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да ўліткі.

уліткападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Падобны на ўлітку.

уліто́ўванне, ‑я, н.

Уст. Дзеянне паводле знач. дзеясл. улітоўваць — улітаваць.

уліто́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да улітоўваць.

уліто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да улітаваць.

уліто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Уст. Тое, што і упайка (у 2 знач.).

улі́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уліць (у 1, 2 знач.).

•••

Як уліты — які добра аблягае (пра адзенне, абутак). Твар [Пракопа] чыста паголены, .. гарнітур на ім ляжыць, як уліты. Сабаленка.

уліўны́, ‑ая, ‑ое.

Разм. Тое, што і праліўны. Лужыны стаяць на .. [вуліцы]: учора дождж уліўны прайшоў. Колас.

улі́цца, увальецца і уліецца; пр. уліўся, улілася, ‑лося; заг. уліся; зак.

1. Наліцца ўнутр чаго‑н. Хоць у лодку і ўлілося трохі вады, аднак цяпер яна пайшла шпарчэй, бо мне памагаў вецер. Кірэенка. // Зліцца з чым‑н., льючыся, уцячы ў што‑н. Каціліся [патокі вады] аж да моста, каб уліцца ў рахманую Безымянку. Курто. / у перан. ужыв. У пакой улілося святло. // перан. Пранікнуць, напоўніць (пра пачуцці і пад.). Нейкая дзіўная хваля ўлілася ў грудзі і буйнай цёплай слязой скацілася на шчокі. Васілевіч. Бацькоўскі дом у цішыні лясоў, Даўно цябе надоўга я пакінуў, І свет шырокі ў вочы мае хлынуў, Уліўся ў грудзі клічам галасоў. Гаўрусёў.

2. перан. Далучыцца да чаго‑н., увайсці ў склад чаго‑н., папоўніць сабою што‑н. Усе [хлопцы] набіраліся новых свежых сіл, каб ноччу перайсці фронт і зноў уліцца ў чырвонаармейскую масу для заядлай барацьбы з панамі. Нікановіч. Мацнеў, рос, пашыраўся калгас, ужо суседнія дзве вёскі ўліліся ў яго. Мікуліч. [Усцін Тарасавіч] выйшаў за бальнічныя вароты, уліўся ў людскі паток і накіраваўся дадому. Марціновіч.