уло́ў, улову, м.
1. Лоўля рыбы, звера. Мая — дачка рыбака, з пяці-шасці гадоў хадзіла з бацькам у мора на ўлоў. Дуброўскі.
2. Тое, што злоўлена, вылаўлена; колькасць налоўленага; здабыча. Андрэй моўчкі паставіў вядро з уловам далей ад ракі, парваў травы і закідаў ёю акуня і соміка, каб не сушыла сонца. Ваданосаў. Спусціўся [Бамбала] з горкі.. і адразу апынуўся ў людскім натоўпе, які сабраўся ля выгружанага з баркасаў улову. Карамазаў.
уло́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад улавіць.
уло́ўліванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. улоўліваць — улавіць.
уло́ўлівацца, ‑аецца; незак.
Зал. да улоўліваць.
уло́ўліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да улавіць.
уло́ўнік, ‑а, м.
Спец. Прыстасаванне, механізм для ўлоўлівання чаго‑н. Улоўнік металічнага пылу.
уло́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. (звычайна са словамі «ледзь», «ледзьве»). Малапрыкметны, слабы, невыразны. Ледзь улоўны пах лугавых траў. □ Пад ледзь улоўнымі павевамі ветру кланяліся, высцілаліся доўгія сцябліны кавылю. Даніленка. Столаначальнік адчуў ледзь улоўную іронію, сярдзіта паглядаў на пісца. Мехаў. Радасць, навеяная пісьмамі, змешвалася з усё больш улоўным пачуццём адзіноты, тым пачуццём, якога Паходня не любіў і стараўся пазбавіцца ў рабоце, у сустрэчах з людзьмі. Хадкевіч.
2. Спец. Які дае добры ўлоў. Улоўны год.