Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сці́пла,

1. Прысл. да сціплы.

2. безас. у знач. вык. Пра скромнасць, прастату, адсутнасць прэтэнзій на раскошу дзе‑н. У кватэры ленінскай сціпла, Быць не можа яшчэ сціплей... Тармола.

сці́пласць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць сціплага. Сапраўдны гераізм сябруе з асабістай сціпласцю героя і ўсведамляецца ім як абавязак. У. Калеснік.

2. Сціплыя паводзіны, сціплы ўклад жыцця. — Сціпласць не псуе чалавека, а дзяўчыну тым больш, — з перакананнем сказаў Раман Дзянісавіч. Хадкевіч. Максім па сціпласці нідзе і слова не прараніў аб сваім партызанстве, аніякай палёгкі ці прывілеі не прасіў. Кавалёў.

сці́плы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не любіць падкрэсліваць свае заслугі, хваліцца сваімі справамі; пазбаўлены ганарыстасці. На высокім пасту .. [Барашкін] аказаўся сціплым, чулым і прынцыповым чалавекам. Данілевіч. А сціплага, не кідкага да славы Мітрафана ўпачатку зусім бянтэжыла: пасёлак сталі называць яго імем. Ракітны.

2. Стрыманы ў паводзінах, абыходжанні, словах; не развязны, прыстойны. Але Юля — сціплая. Яна не кінецца адразу: «Я!..», а пачакае, пакуль мама не перапытае: «Дачушка, няўжо гэта ты сама так зрабіла?» Гарбук. Я хлопец сціплы і не нахабны, можна сказаць, сарамлівы і нясмелы. Чарнышэвіч. Уся сям’я Сядых была надзвычай працавітая і сціплая ў сваіх паводзінах. Рамановіч. // Які не прад’яўляе вялікіх патрабаванняў, задавольваецца малым. У гэтых словах — уся Хрысціна, простая, сціплая дзяўчына, якая ўсёй душой палюбіла сваю нялёгкую працу. Кухараў.

3. Які сведчыць аб стрыманасці, памяркоўнасці ў паводзінах, размове; які выказвае такую стрыманасць, памяркоўнасць. Аглянуўшыся, .. [Маша] ўбачыла добрую, сціплую ўсмешку Васіля. Шамякін. Заўсёды сціплы і прыемны выраз дзедавага твару здаецца цяпер не проста злосным, а нават драпежным. Брыль.

4. Які нічым не вылучаецца, просты; звычайны; без прэтэнзій на раскошу. [Слава:] — Вяртаючыся дамоў, я збіраў сціплыя паўночных кветкі: маленькія рамонкі, незабудкі. Бяганская. Вяселле справілі сціплае — не вяселле, а вечар з пачастункам на кватэры ў Кудзіных. Хадкевіч. // Звычайны, радавы. [Толь:] — Пасада ў вас [Дземідзецкага] павінна аставацца сціплая. Новікаў. // Не яркі. Пры сціплым падсвечванні маладзіка Багдан спачатку пазнаў сваіх коней з брыгады, а тады ўжо стаў углядацца ў чалавека, што быў пры конях. Кулакоўскі. // Ціхі, не рэзкі. Я чую сціплы шолах вольхі І як, зліваючыся з ім, Гул правадоў высакавольтных Плыве над лесам залатым. А. Александровіч. Далёка чуваць, як пад дугой патрэньквае сціплы званочак. Брыль.

5. Нязначны, невялікі; абмежаваны, сярэдні. Сціплая зарплата. Сціплыя патрабаванні. □ Планы ў Журко былі вельмі сціплыя. Савіцкі. Спробы вярнуць [хлопчыка] Раму ў чалавечае асяроддзе ўвянчаліся вельмі сціплымі поспехамі. «Звязда».

сціра́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сціраць — сцерці.

сціра́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да сцерціся.

2. Зал. да сціраць.

сціра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сцерці.

сці́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Кухонная анучка для выцірання стала.

2. Гумка для сцірання напісанага. Напісанае пяром прыходзілася выскрабаць ножыкам, бо сцірка не памагала. Колас.

сці́рта, ‑ы, ДМ ‑рце, ж.

1. Вялікі стог сена, саломы або снапоў збожжа і пад., прызначаны для захавання пад адкрытым небам. Непадалёку ад кароўніка ўзвышаліся вялізныя сцірты сена — запасы на зіму. Паслядовіч. Сцірты саломы, падобныя на высокія пясчаныя курганы, адзначалі месцы палявых такоў. Хадкевіч. [Жанчыны] падышлі да льняной сцірты і пачалі памалу брацца за работу. Гроднеў. [Стары Юстынь] уклаў у сцірту апошні сноп, і калі разагнуўся — пацямнела ўваччу. Чарнышэвіч.

2. Куча прадметаў, пакладзеных адзін на адзін. Жаўцеюць высокія сцірты дошак, брусся, апілаваных плашчакоў. Бялевіч. Сцірты сухой цэглы былі складзены на груд[зе] перад вёскай. Чорны. На дрывотніку ляжала сцірта толькі што наколаных дроў. Хведаровіч.

3. Складзены ў штабялі тавар. Гарэлі побач сцірты мяшкоў са збожжам на адкрытай платформе. Лынькоў.

сціртава́льшчык, ‑а, м.

Укладчык сціртаў.

сціртава́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да сціртавальшчык.