Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сцяг, ‑а; мн. сцягі, ‑оў; м.

1. Умацаванае на дрэўку палотнішча рознай формы і афарбоўкі з надпісамі, упрыгожаннямі і пад., якое служыць эмблемай дзяржавы, арганізацыі ці вайсковай часці, злучэння, карабля. Калоны за калонамі Пад сцягамі чырвонымі Ідуць, як хвалі рэк. Колас. Свет не забудзе сцяга над рэйхстагам: Нялёгка нам узняць было яго! Нібы з іскры гарачай, з таго сцяга — Прабітага — па ўсіх зямных абсягах Забушавала полымя сцягоў. Панчанка.

2. перан.; чаго. Ідэя, якая служыць асновай адзінства дзеянняў якой‑н. групы, арганізацыі; светапогляд, праграма. Пад сцягам міру. Пад сцягам свабоды. □ Хай сцягам служыць слава. Дзяліць паміж сабой Яе не маюць права Ні бог і ні герой! Непачаловіч.

•••

Падняць (узняць) сцяг гл. падняць.

Трымаць высока сцяг гл. трымаць.

сцягано́сец, ‑носца, м.

1. Асоба, якой даручана несці сцяг. Сцягі ляцяць, смяюцца трубы, чаканіць крок за сцяганосцам зямлі венгерскай маладосць. Вялюгін. Ад кулі ўпадзе сцяганосец Ці дрэўка асколкам ссячэ, — Нябачныя рукі ўзносяць Штандар і яшчэ і яшчэ. Гаўрусёў.

2. перан. Барацьбіт, змагар за ўсё перадавое. Савецкі Саюз — сцяганосец міру.

сцягано́сны, ‑ая, ‑ае.

Які ўзнагароджаны сцягам. Сцяганосны калгас. // Упрыгожаны сцягам (сцягамі). Яе [Масквы] мне вобраз мроіўся не звонам старых званіц і не Крамля каронай, — са школьных дзён у памяці маёй яна ўжылася Прэсняю Чырвонай і сцяганоснай майскаю ракой. Русецкі.

сцяга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Схадзіць куды‑н. і прыйсці назад. [Пятрэсь:] — Ніхто і не глянуў, што я ў гэтых трантах туды прыйшоў... Ат, дарам толькі сцягаўся. Арочка.

2. Знасіцца. Касцюм сцягаўся хутка. // перан. Вычарпацца, зрасходавацца. Мінула яшчэ тры гады. Сілы Агеевы за гэтыя гады сцягаліся, растрэсліся па полі ды па лесе, як цягаў бярвенні. Галавач.

сцяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Цягнучы, несучы, звалачы, сабраць у адно месца ўсё, многае. Сцягаць жэрдзе ў кучу.

2. Разм. Звадзіць куды‑н. і прывесці назад. Сцягаць старога на базар.

3. Разм. Знасіць. Сцягаць сукенку за адно лета.

сцяга́ч, ‑а, м.

Разм.

1. Уст. Зборшчык падаткаў. Яны [сялянкі] прыйшлі сюды скардзіцца на сцягача падаткаў, што замнога ўзяў, што пакрыўдзіў. Хромчанка.

2. Валацуга, прыблуда. [Міхал:] — Але можа Пракоп Крываблоцкі ў прымы возьме басяка, гуляку, сцягача з усяго свету. Чарнышэвіч.

сця́гвальны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і сцяжны.

сця́гванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. сцягваць — сцягнуць (у 1–4, 7–9 і 13 знач.); дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. сцягвацца — сцягнуцца.

сця́гвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да сцягнуцца.

2. Зал. да сцягваць.

сця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сцягнуць (у 1–4, 7–9 і 13 знач.).