сцвярджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да сцвердзіць.
2. што, з дадан. сказам і без дап. Упэўнена выказваць што‑н.; настойліва гаварыць, упэўніваючы ў чым‑н. Людзі не маглі разгадаць сігналаў. Але даследчыкі сцвярджалі, што пасылаюць іх разумныя істоты. Шыцік. А толькі адно вам сцвярджаю сягоння, Што ў кузні ён з ранку да вечара звоніць, Што хлопец прынадны, Што майстра сапраўдны! Броўка. Спрадвеку, як людзі сцвярджаюць. Праз бор наш гасцінец ляжаў. Калачынскі.
сцвярджэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сцвярджаць — сцвердзіць і сцвярджацца.
2. Пацвярджэнне чаго‑н. — Ужо тэлеграму атрымаў, — задаволена адказаў Хадкевіч і, нібы ў знак сцвярджэння сваіх слоў, выцягнуў з бумажніка Любіну тэлеграму. Васілевіч. Каравы пераклад нямецкага тэксту .. міжвольна гучаў як сцвярджэнне таго, што свабодны народ не так лёгка скарыць. Брыль.
сцвярдзе́лы, ‑ая, ‑ае.
Які стаў цвёрдым. [Крушынскі] праз шыбы назіраў за тым, як надыходзіла восень, як яна шалясцела па дрэвах, шурш[э]ла сцвярдзелым .. лісцем. Бядуля.
сцвярдзе́ць, ‑ее; зак.
Стаць цвёрдым. Цяпер, пры марозіку, усё тут сцвярдзела, зраўнялася, затым яшчэ сняжку нядаўна падсыпала, дык .. можаш падумаць, што сапраўды брук у цябе пад нагамі або нават асфальт. Кулакоўскі.
сцебану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Аднакр. да сцябаць, сцёбаць.
2. Ужываецца замест таго ці іншага дзеяслова для вызначэння дзеяння, якое адбываецца з асаблівай сілай, энергіяй і пад. Тут яго [Сотнікава] згледзелі, ззаду данёсся крык і недалёкі стрэл — куля імпэтна сцебанула па ягоных штанах. Быкаў. На шашы ўспыхнулі агні і сцебанулі аж па вярбе, што ў Выжлятніка па агародзе. Пташнікаў. Палыхаючы, зноў сцебанула неба маланка. Васілевіч.
сцеблава́нне, ‑я, н.
Спец. З’яўленне ў караняплодаў насенных парасткаў, кветаносных сцёблаў. Сцеблаванне буракоў.
сцеблава́ты, ‑ая, ‑ае.
З вялікай колькасцю сцёблаў (пра расліны). Буялі жоўтыя сцеблаватыя кветкі. Чорны.
сцеблападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які падобны на сцябло. Сцеблападобныя органы.
сцебласто́й, ‑ю, м.
Стан пасеваў палявых культур у адносінах іх гушчыні, вышыні сцёблаў і пад. Многіх камбайнераў пасылаў туды на ўборку дырэктар, але яны адмаўляліся — баяліся густога, рослага сцебластою. «Звязда».
сцегнавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да сцягна. Сцегнавая косць.